Дата стварэння: 18.05.2024 09:57:13
Дата змены: 03.06.2025 09:40:13
Партыза́нскі атра́д 210‑ы імя́ І. В. Ста́ліна
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, Пухавіцкага і Чэрвеньскага раёнаў Мінскай вобласці.
Створаны ў сакавіку 1942 г. у Асіповіцкім раёне.
Арганізаваны на базе групы М. П. Каралёва, закінутай у варожы тыл па заданні ЦК КП(б)Б у ліпені 1941 г., групы ваеннаслужачых на чале з Д. Б. Шрэйнам, арганізаванай у жніўні 1941 г., дыверсійнай групы Р. В. Пыжова, прысланай штабам Заходняга фронту ў верасні 1941 г., і групы С. А. Мазура, якая дзейнічала з ліпеня 1941 г.
Спачатку дзейнічаў самастойна як атрад «Караля», з ліпеня 1942 г. у складзе Клічаўскага аператыўнага цэнтра як атрад 210‑ы. Летам — восенню 1942 г. у атрад уключаны асобныя партызанскія групы Белахвоста, Ф. К. Падлеснага (Шычко), М. В. Баранава, а таксама закінутыя з савецкага тылу па заданні ЦК КП(б)Б дыверсійныя групы Патапава, Казачонка, Шагойкі, Ф. М. Дубінчыка. Са студзеня 1943 г. — галаўны атрад партызанскай брыгады 1‑й Асіповіцкай, з ліпеня 1943 г. дзейнічаў як асобны атрад Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы. З сакавіка 1944 г. — атрад 210‑ы імя І. В. Сталіна.
Партызаны асноўныя ўдары наносілі па камунікацыях ворага. У кастрычніку 1943 г. падарвалі 8 эшалонаў, 8 мастоў, 7 аўтамашын. Самастойна і з іншымі атрадамі вялі баі па ачышчэнні раёна дыслакацыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, разграмілі 7 апорных пунктаў ворага, абаранялі партызанскую зону. У час карных экспедыцый (ліпень — жнівень 1942, студзень 1943, май 1944) праводзілі аперацыі па выхадзе з акружэння.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант налічваў 588 партызан; разам з савецкімі войскамі ўдзельнічаў у ліквідацыі варожых груп.
Камандзіры атрада: М. П. Каралёў, С. С. Сумчанка (выконваў абавязкі, загінуў), В. В. Глотаў, Д. Б. Шрэйн; камісары: А. В. Шыянок, В. В. Глотаў, Р. X. Голант; начальнікі штаба: С. С. Сумчанка, А. І. Лукашэнка (загінуў), В. В. Глотаў, П. А. Маркоўскі, М. М. Барадулін.
Камандзіру атрада М. П. Каралёву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.