pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 2‑я ІМЯ А. В. СУВОРАВА

Дата стварэння: 31.05.2024 10:46:21

Дата змены: 11.09.2024 15:08:27

Партыза́нская брыга́да 2‑я імя́ А. В. Суво́рава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Смаргонскага, Куранецкага і Маладзечанскага раёнаў Вілейскай вобласці.

Створана ў Расонскім pаёне Віцебскай вобласці ў ліпені 1943 г. на базе атрадаў імя В. М. Молатава (арганізаваны ў чэрвені 1942, вылучаны партызанскай брыгадай Расонскай імя І. В. Сталіна Віцебскай вобласці), «Бясстрашны» (арганізаваны ў чэрвені 1942, вылучаны партызанскай брыгадай 3‑й Беларускай Віцебскай вобласці), імя М. Ф. Ватуціна (арганізаваны ў ліпені 1943 з байцоў, вылучаных партызанскай брыгадай «За Савецкую Беларусь» Віцебскай вобласці). У сакавіку 1944 г. арганізаваны атрад 7‑ы імя Г. К. Жукава.

У верасні 1943 г. брыгада перадыслацыравалася ў Дзісенскі раён Вілейскай вобласці, потым ва Ушацкі раён Віцебскай вобласці, у снежні 1943 г. перайшла ў Смаргонскі раён. Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на шашэйных і грунтавых дарогах. У лютым 1944 г. правялі бой з нямецкай паліцыяй, якая рыхтавалася адправіць насельніцтва са Смаргонскага раёна на катаржныя работы ў Германію. У сакавіку 1944 г. удзельнічалі ў баі супраць гарнізона ў в. Кабыльнік (цяпер аграгарадок Нарач) Мядзельскага раёна Вілейскай вобласці. У чэрвені 1944 г. на ўчастку Смаргонь — Маладзечна чыгуначнай лініі Маладзечна — Вільнюс (Літва) падарвалі больш за 630 рэек. Да прыходу Чырвонай арміі вызвалілі в. Войстам Смаргонскага раёна, пабудавалі для савецкіх войск 12 мастоў, 2 пераправы.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы імя В. М. Молатава, 3‑i «Бясстрашны», 5‑ы імя М. Ф. Ватуціна, 7‑ы імя Г. К. Жукава, у якіх налічвалася 506 партызан.

Камандзіры брыгады: А. А. Астрэйка, А. П. Аўсяннікаў; камісар В. I. Данаў; начальнік штаба М. I. Філіпаў.