pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 3-я

Дата стварэння: 31.05.2024 10:51:04

Дата змены: 11.09.2024 15:08:27

Партыза́нская брыга́да 3‑я

Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага, Бярэзінскага, Круглянскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Створана 1 чэрвеня 1944 г. на базе 3‑га батальёна партызанскага палка «Трынаццаць» Смаленскай вобласці РСФСР і Магілёўскай вобласці, уключала атрады 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы, дзейнічала ў складзе асобага партызанскага злучэння «Трынаццаць».

Партызаны ўдзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна»: асноўныя ўдары наносілі на ўчастку Барысаў — Орша і каля станцыі Бобр на чыгуначнай лініі Мінск — Орша, 20 чэрвеня 1944 г. падарвалі 239 рэек.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы, колькасць партызан не вызначана. На момант расфарміравання брыгады 23 ліпеня 1944 г. у ёй налічвалася 246 чалавек.

Камандзір брыгады П. I. Звяздаеў, камісар В. А. Самсонаў, начальнік штаба А. М. Лебедзеў.