pdf

ДЗЯТЛАВА

Дата стварэння: 10.06.2024 16:50:37

Дата змены: 23.10.2025 11:51:20


location Google location Yandex

Дзятлава (помнік ахвярам фашызму)


Дзя́тлава

Горад, цэнтр Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. За 136 км на паўднёвы ўсход ад г. Гродна, за 180 км ад Мінска, 13 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (на лініі Баранавічы — Ліда), аўтадарогамі звязаны з гарадамі Слонім, Ліда, Навагрудак.

У 1940 г. у Дзятлаве было 4 385 жыхароў.

Цэнтр раёна з 1940 г. Да 1990 г. гарадскі пасёлак.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

Дзятлава акупіравана 30 чэрвеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гарадскім пасёлку і раёне загінула 4 716 чалавек. Гітлераўцы стварылі гета ў Дзятлаве, дзе загубілі не менш за 5,8 тыс. яўрэяў (па іншых звестках, у гета ўтрымлівалася 4,5 тыс. вязняў, было расстраляна 3,5 тыс. чалавек).

У гapадскім пасёлку і раёне дзейнічалі Дзятлаўскі падпольны райкам КП(б)‌Б і Дзятлаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Дзятлаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле, партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава (Баранавіцкай вобласці), партызанская брыгада Ленінская, партызанская брыгада «Перамога», асобны партызанскі атрад «Баявы» імя Дунаева, партызанская група «Дружба», выдавалася падпольная газета «Знамя свободы», орган Дзятлаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

Дзятлава вызвалена 9 ліпеня 1944 г. воінамі 120‑й гвардзейскай (генерал-маёр Я. Я. Фогель) і 283‑й (палкоўнік В. А. Канавалаў) стралковых дывізій 3‑й арміі 2‑га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 г.

У Дзятлаве знаходзяцца:

  • брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, Герояў Савецкага Саюза Я. Я. Фогеля і П. Г. Пятрова, падпольшчыкаў; магіла аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Дзятлаўшчыне Ёскеля Атласа; магілы ахвяр фашызму, у т. л. вязняў гета ў Дзятлаве і в. Дварэц (цяпер аграгарадок) Дзятлаўскага раёна (на пахаваннях пастаўлены помнікі);

  • Абеліск Славы на брацкай магіле савецкіх воінаў, побач з ім размешчаны мемарыяльныя пліты, што ўвекавечваюць памяць землякоў (франтавікоў, партызан і мірных жыхароў), якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны;

  • мемарыяльны комплекс «Дзеці ліхалецця», побач — магілы выхаванцаў Дзятлаўскага дзіцячага прытулку і дзяцей з міжнароднага піянерскага лагера ў в. Наваельня (цяпер гарадскі пасёлак) Дзятлаўскага раёна, якія загінулі ад голаду і хвароб у час акупацыі;

  • помнік І. Ю. Філідовічу;

  • памятны знак у гонар артылерыстаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны;

  • памятны знак на месцы размяшчэння дзіцячага прытулку ў гады Вялікай Айчыннай вайны;

  • памятны знак на месцы гібелі 14 чырвонаармейцаў у канцы чэрвеня 1941 г.;

  • памятны знак у гонар Героя Савецкага Саюза Я. Я. Фогеля;

  • мемарыяльныя дошкі І. Ю. Філідовічу, кіраўнікам партызанскага руху на Дзятлаўшчыне І. А. Жолабаву, В. С. Біцько, П. К. Макараву, Героям Савецкага Саюза Б. А. Булату і П. Г. Пятрову.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2024 г. № 44 горад Дзятлава ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».