Хо́йнікі
Горад, цэнтр Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. За 103 км на паўднёвы захад ад г. Гомель, за 340 км ад Мінска, чыгуначная станцыя на ветцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель, на аўтадарозе Калінкавічы — Камарын, аўтадарогамі звязаны з гарадамі Нароўля і Рэчыца.
З 1926 г. цэнтр Хойніцкага раёна.
У 1938–1967 гг. гарадскі пасёлак.
У 1939 г. у Хойніках было 3 439 жыхароў.
Хойнікі акупіраваны 25 жніўня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі амаль цалкам спалілі і разбурылі Xойнікі, за гады акупацыі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 3 139 чалавек (з іх 614 ваеннапалонных), у т. л. у 1941–1942 гг. 366 яўрэяў (па іншых звестках, у верасні — кастрычніку 1941 больш за 290 яўрэяў) з Хойнікаў. У раённым цэнтры знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер грамадзянскага насельніцтва, у якім утрымлівалася 5 тыс. чалавек (пазней былі адпраўлены ў Германію).
На тэрыторыі раёна дзейнічалі Хойніцкі падпольны райкам КП(б)Б і Хойніцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Хойніцкае партыйна-камсамольскае падполле, партызанская брыгада 99‑я Калінкавіцкая, партызанская брыгада Рэчыцкая імя К. Я. Варашылава, партызанская брыгада Лоеўская «За Радзіму», асобна дзеючыя партызанскі атрад імя Р. І. Катоўскага (Палескай вобласці), партызанскі атрад імя А. В. Суворава (Палескай вобласці), партызанскі атрад імя В. І. Чапаева (Палескай вобласці), партызанскі атрад Хойніцкі.
Беларускія і ўкраінскія партызаны 15 лістапада 1942 г. разграмілі ў Хойніках буйны фашысцкі гарнізон.
Хойнікі вызвалены 24 лістапада 1943 г. воінамі 519‑га стралковага палка 81‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр А. Б. Барынаў) і 55‑й стралковай дывізіі (палкоўнік М. М. Заіюльеў) 89‑га стралковага корпуса; 68‑й танкавай брыгады (падпалкоўнік Р. А. Цімчанка); 4‑й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі (генерал-маёр Р. І. Панкратаў) 2‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса (генерал-маёр У. В. Крукаў) 61‑й арміі Беларускага фронту ў ходзе бітвы за Дняпро 1943 г.
У Xойніках знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, на якой пастаўлены помнік і мемарыяльныя пліты з імёнамі тых, хто загінуў; брацкая магіла славацкіх партызан, на ёй надмагільная пліта; магіла камандзіра партызанскага атрада імя В. І. Чапаева — В. Р. Карася;
помнік у гонар воінаў 2‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса;
помнік у гонар воінаў 68‑й танкавай брыгады;
помнік ахвярам фашызму (загубленым яўрэям Хойнікаў);
помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны;
помнік на месцы масавых расстрэлаў мірных жыхароў Хойніччыны;
Алея Славы;
мемарыяльныя дошкі Герою Савецкага Саюза А. Г. Качаткову, вучням і настаўнікам Хойніцкай сярэдняй школы № 1, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.