Дата стварэння: 13.06.2024 09:31:36
Дата змены: 11.09.2024 14:59:29
Партыза́нскі атра́д 45‑ы «За Радзі́му»
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Клімавіцкага і Краснапольскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны ў лістападзе 1942 г.
Партызаны праводзілі аперацыі на чыгуначных лініях Магілёў — Крычаў і Крычаў — Унеча (Расія). У маі — чэрвені 1943 г. падарвалі 11 эшалонаў, 2 чыгуначныя масты, у жніўні — больш за 450 рэек. У ліпені — жніўні 1943 г. вялі баі з ворагам, які спрабаваў прарвацца ў партызанскую зону. Каля в. Шалухоўка Краснапольскага pаёна 23 верасня 1943 г. вялі бой з варожай калонай.
Атрад (504 чалавекі) злучыўся з Чырвонай арміяй 30 верасня 1943 г.
Камандзір атрада У. I. Маркаў; камісары: I. С. Салдаценка, Ф. Ф. Сігаеў; начальнікі штаба: Б. П. Нігіевіч, А. Ф. Канонік.
У гонар атрада ў 1978 г. каля пас. Восаў Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці пастаўлена стэла.