Дата стварэння: 04.07.2024 10:04:12
Дата змены: 11.09.2024 14:59:46
Партыза́нскі атра́д 19‑ы
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Быхаўскага і Прапойскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны ў жніўні 1943 г. Магілёўскім падпольным абкамам КП(б)Б на базе арганізатарскіх груп Ц. Я. Сакалоўскага і В. В. Уласава, якія прыбылі ў тыл праціўніка з-за лініі фронту па заданні ЦК КП(б)Б. Атрад 3–19 кастрычніка 1943 г. удзельнічаў у абарончых баях, у час прарыву блакады ў кастрычніку 1943 г. рассеяны.
У кастрычніку — снежні 1943 г. атрад асобнымі групамі злучыўся з Чырвонай арміяй. Частка асабовага саставу на чале з Ц. Я. Сакалоўскім улілася ў партызанскі полк 425‑ы Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы. Колькасны склад атрада за ўвесь перыяд існавання — 212 партызан.
Камандзір атрада Ц. Я. Сакалоўскі, камісар В. В. Уласаў, начальнік штаба А. І. Катулька.