Дата стварэння: 04.07.2024 10:08:31
Дата змены: 11.09.2024 14:59:30
Партыза́нскі атра́д 60‑ы імя́ Ф. М. Сядле́цкага
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага, Круглянскага і Шклоўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Створаны ў верасні 1943 г. у складзе Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы (Шклоўскай ВАГ).
Партызаны праводзілі аперацыі на чыгуначнай лініі Мінск — Орша, на шашэйных і грунтавых дарогах. Разграмілі абоз ворага на дарозе Шклоў — Круглае 19 студзеня 1944 г., у чэрвені 1944 г. удзельнічалі ў разгроме гарнізона праціўніка ў в. Лотва (Латва) Шклоўскага раёна, разам з іншымі атрадамі Шклоўскай ВАГ 20 чэрвеня 1944 г. у Талачынскім раёне нанеслі ўдар на чыгуначным участку Слаўнае — Трацылава на лініі Мінск — Орша, 28 чэрвеня знішчалі групы ворага, які адступаў па дарозе Шапялевічы (Круглянскі раён) — Сомры (Крупскі раён Мінскай вобласці).
Атрад (348 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г.
Камандзіры атрада: Ф. М. Сядлецкі (загінуў), С. А. Крэнеў; камісар П. I. Букштынаў; начальнікі штаба: П. І. Хадорык, І. І. Жамейка, М. М. Травін.