Дата стварэння: 20.08.2024 15:41:05
Дата змены: 27.12.2024 11:41:00
Сама́ра-Улья́наўская Бярдзі́чаўская Жале́зная стралко́вая дыві́зія тройчы Чырванасцяжная ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага
Сфарміравана ў 1918 г. у Сімбірскай губерні як 1‑я зводная Сімбірская пяхотная дывізія, у лістападзе 1918 г. перайменавана ў 24‑ю стралковую дывізію (яе першы начальнік — Г. Д. Гай). Удзельнічала ў Грамадзянскай вайне, за баявыя заслугі ўзнагароджана Ганаровым рэвалюцыйным Чырвоным сцягам (28.9.1918), атрымала ганаровыя найменні «Самарская» (13.12.1920) і «Жалезная» (25.10.1921). З 1922 г. называлася 24‑я Самара-Сімбірская Жалезная, з 1924 г. — 24‑я Самара-Ульянаўская Жалезная стралковая дывізія, узнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга (23.12.1933). Удзельнічала ў савецка-фінляндскай вайне, узнагароджана другім ордэнам Чырвонага Сцяга (11.4.1940).
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны дыслацыравалася ў Заходняй асобай ваеннай акрузе, мела 3 стралковыя і 2 артылерыйскія палкі. Упершыню ўступіла ў баі 25 чэрвеня 1941 г. у складзе 13‑й арміі Заходняга фронту на рубяжы Трабы — Суботнікі (40 км на паўночны ўсход ад г. Ліда). З 29 чэрвеня асобнымі атрадамі дывізія адыходзіла на Дзяржынск, Слуцк, Глуск, Азарычы і злучылася з войскамі фронту. Дзве трэці асабовага саставу злучэння выйшла з акружэння. У сувязі са стратай сцяга дывізіі злучэнне было расфарміравана і выключана са складу Чырвонай арміі (27.12.1941).
Новая 24‑я стралковая дывізія ў складзе трох стралковых і аднаго артылерыйскага палкоў сфарміравана ў Валагодскай вобласці ў лютым 1942 г., удзельнічала ў Сталінградскай бітве 1942–1943 гг., вызваленні Украіны, вызначылася ў баях пры вызваленні г. Бярдзічаў; ёй было нададзена ганаровае найменне «Бярдзічаўская» (6.1.1944).
У кастрычніку 1943 г. высветлілася, што сцяг былой 24‑й дывізіі ў час выхаду яе з акружэння знаходзіўся ў інструктара палітаддзела дывізіі старшага палітрука А. В. Барбашава, які загінуў 6 жніўня 1941 г. у баі з гітлераўцамі каля в. Анюціна Чэрыкаўскага раёна. Мясцовы жыхар Д. М. Цяпін знайшоў на целе загінулага афіцэра сцяг дывізіі і пахаваў воіна разам са сцягам на мясцовых могілках. Пасля вызвалення вёскі ад фашысцкіх акупантаў сцяг перададзены Чырвонай арміі. З мэтай захавання баявых традыцый паводле загаду намесніка Наркама абароны СССР Маршала Савецкага Саюза А. М. Васілеўскага 20 лютага 1944 г. новай 24‑й дывізіі быў перададзены пасля рэстаўрацыі сцяг Самара-Ульянаўскай Жалезнай стралковай дывізіі і яе ўзнагароды. За выратаванне сцяга дывізіі Д. М. Цяпін навечна залічаны ў спісы 1‑й стралковай роты 7‑га стралковага палка дывізіі.
У сакавіку 1944 г. дывізія вызначылася пры вызваленні г. Чарнавіцы (цяпер Чарнаўцы, Украіна), за што ўзнагароджана ордэнам Суворава II ступені (8.4.1944); яна адной з першых выйшла на дзяржаўную граніцу СССР з Румыніяй і ўзнагароджана ордэнам Багдана Хмяльніцкага II ступені (18.4.1944), удзельнічала ў вызваленні Чэхаславакіі. За гады вайны каля 9 тыс. воінаў дывізіі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, двое з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Камандзіры: генерал-маёр К. М. Галіцкі (чэрвень — ліпень 1941); генерал-маёр Ц. К. Бацанаў (ліпень — верасень 1941); палкоўнік, з 27 студзеня 1943 г. генерал-маёр Ф. А. Прохараў (люты 1942 — да канца вайны).
Пасля вайны дывізія пераўтворана ў мотастралковую, узнагароджана ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.