Дата стварэння: 12.04.2023 10:31:12
Дата змены: 11.09.2024 15:08:53
Асве́я
Гарадскі пасёлак у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, на беразе Асвейскага возера. За 37 км на поўнач ад г. Верхнядзвінск, за 158 км ад г. Віцебск, за 297 км ад Мінска, за 33 км ад чыгуначнай станцыі Верхнядзвінск (на лініі Полацк — Даўгаўпілс); аўтадарогамі звязаны з Полацкам і Верхнядзвінскам.
З 1938 г. гарадскі пасёлак.
У 1924–1959 гг. цэнтр Асвейскага раёна.
У 1939 г. у Асвеі было 2 312 жыхароў.
Асвея акупіравана 12 ліпеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў Асвеі і раёне 4 791 чалавека, у т. л. у лютым — сакавіку 1942 г. больш за 650 вязняў гета ў Асвеі.
У Асвеі і на тэрыторыі раёна дзейнічалі Асвейскае партыйна-патрыятычнае падполле і Прошкаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле, на базе якіх у канцы красавіка 1942 г. узнік партызанскі атрад імя М. В. Фрунзэ; Асвейскі падпольны райкам КП(б)Б і Асвейскі падпольны райкам ЛКСМБ; партызанская брыгада 1‑я Дрысенская, партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь» (Віцебскай вобласці), партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага (Віцебскай і Вілейскай абласцей), партызанская брыгада Расонская імя І. В. Сталіна, партызанская брыгада Асвейская імя М. В. Фрунзэ; выдавалася падпольная газета «Ленінскі шлях», орган Асвейскага падпольнага райкама КП(б)Б.
У маі 1942 г. партызаны атрадаў імя Сяргея, імя М. А. Шчорса, імя М. В. Фрунзэ і іншых ачысцілі ад гітлераўцаў амаль усю тэрыторыю Асвейскага і Расонскага раёнаў, у выніку была створана Расонска-Асвейская партызанская зона. Партызаны 1 верасня разграмілі буйны варожы гарнізон у в. Каханавічы і блакіравалі гітлераўцаў у Асвеі. Дзясятага верасня акупанты былі вымушаны пакінуць гарадскі пасёлак. Каля Асвеі базіравалася аператыўная група ЦК КП(б) Латвіі, якая кіравала савецкім партызанскім рухам на акупіраванай тэрыторыі Латвійскай ССР.
У лютым — сакавіку 1943 г. у час карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва» нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў раёне больш за 3,5 тыс. мірных жыхароў, больш за 2 тыс. чалавек вывезлі на катаржныя работы ў Германію; спалілі 158 населеных пунктаў, у т. л. Асвею.
Асвея вызвалена 17 ліпеня 1944 г. часцямі 325‑й Дзвінскай стралковай дывізіі (палкоўнік М. З. Сухарэбраў) 22‑й арміі (генерал-лейтэнант Г. П. Караткоў) 2‑га Прыбалтыйскага фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі Асвейскай брыгады імя М. В. Фрунзэ (камандзір М. М. Кузьмін) у ходзе Рэжыцка-Дзвінскай аперацыі 1944 г.
У Асвеі знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх воінаў і партызан; магіла ахвяр фашызму — вязняў гета; магіла кіраўніка Асвейскага падполля У. У. Сімацкага (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
мемарыяльны комплекс «Курган Бессмяротнасці»;
помнік ахвярам фашызму;
помнік падпольшчыкам;
мемарыяльныя дошкі ў гонар вызвалення Асвеі савецкімі воінамі і ў памяць аб першым сходзе падпольшчыкаў.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2024 г. № 44 гарадскі пасёлак Асвея ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».