Дата стварэння: 12.04.2023 10:32:53
Дата змены: 11.09.2024 15:08:53
Бабру́йска-Берлі́нскі мінамётны полк
Бабруйска-Берлінскі гвардзейскі мінамётны Чырванасцяжны ордэнаў Кутузава, Багдана Хмяльніцкага і Аляксандра Неўскага полк.
Сфарміраваны ў Маскве ў кастрычніку 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны як 311‑ы полк у складзе трох асобных дывізіёнаў рэактыўнай артылерыі. Меў на ўзбраенні сістэмы БМ-13 («кацюшы»).
Удзельнічаў у Сталінградскай бітве, дзе 10 студзеня 1943 г. даў першы залп па ворагу. Усю вайну знаходзіўся ў складзе 65‑й арміі. Падтрымліваў агнём Арлоўскую і Бранскую наступальныя аперацыі, фарсіраванне р. Сож і праследаванне ворага да р. Дняпро.
У складзе 1‑га Беларускага фронту ўдзельнічаў у Беларускай аперацыі 1944 г., вёў баі за вызваленне г. Асіповічы (28.6.1944). Вызначыўся ў час Бабруйскай аперацыі 1944 г.: актыўна дзейнічаў пры разгроме і ўзяцці ў палон варожай групоўкі, якая прарвалася з бабруйскага «катла» і прасоўвалася на Асіповічы. Гвардзейцы неаднойчы ўступалі ў рукапашныя схваткі з фашыстамі, якія атакоўвалі баявыя парадкі палка. За гэтую аперацыю полк быў удастоены ганаровага наймення «Бабруйскі» (5.7.1944). Удзельнічаў у вызваленні г. Баранавічы, у баях на тэрыторыі Польшчы і ў Берлінскай аперацыі, за што палку было прысвоена ганаровае найменне «Берлінскі» (11.6.1945).
Камандзіры: падпалкоўнік Р. Ф. Жураўлёў (кастрычнік 1942 — кастрычнік 1943), маёр І. Ф. Зінаў (18–26.10.1943; часова), падпалкоўнік Ф. П. Маяцкі (кастрычнік 1943 — люты 1944), інжынер-палкоўнік I. Д. Мяркулаў (люты — кастрычнік 1944), падпалкоўнік I. М. Анашкін (кастрычнік 1944 — 1945).