Багушэ́ўск
Гарадскі пасёлак у Сенненскім pаёне Віцебскай вобласці. Чыгуначная станцыя Багушэўская (на лініі Віцебск — Орша). За 35 км на ўсход ад г. Сянно, за 60 км ад г. Віцебск, за 254 км ад Мінска; аўтадарогамі звязаны з гарадамі Сянно, Віцебск, Орша.
Да 1935 г. станцыя Багушэўская, у 1935–1938 гг. мястэчка Багушэўск.
У 1924–1931 гг. і 1935–1960 гг. цэнтр Багушэўскага раёна.
У 1939 г. у Багушэўску было 3 280 жыхароў.
У пачатку ліпеня 1941 г. з раёна Багушэўска войскамі 20‑й арміі былі нанесены контрудары ў напрамку гарадоў Лепель і Сянно.
Багушэўск акупіраваны 10 ліпеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 1 076 чалавек, у т. л. у Багушэўску 5 верасня 1941 г. 51 яўрэя і 3 рускіх, паводле нямецкага данясення. Па іншых звестках, у гэты дзень было расстраляна больш за 60 ці 70 яўрэяў (на помніку пазначана лічба 87). У багушэўскіх лясах гітлераўцы стварылі працоўны лагер, дзе ўтрымлівалася каля 12 тыс. чалавек (у т. л. вязні, эвакуіраваныя ў канцы мая 1944 з лагера грамадзянскага насельніцтва на тэрыторыі 5‑га чыгуначнага палка ў Віцебску), якія выкарыстоўваліся на будаўніцтве абарончых умацаванняў і ў якасці жывой заслоны на перадавой. У жывых засталося 8 тыс. чалавек, астатнія загінулі ад хвароб і голаду, былі расстраляны.
На тэрыторыі раёна дзейнічалі Багушэўскі падпольны райкам КП(б)Б і Багушэўскі падпольны райкам ЛКСМБ.
У верасні 1941 г. партызаны зрабілі напад на фашысцкі гарнізон у пасёлку (гл. Багушэўскі бой 1941 г.). Вялі барацьбу з акупантамі партызанская брыгада 1‑я імя К. С. Заслонава, партызанская брыгада 16‑я Смаленская, партызанская брыгада Багушэўская (1‑га складу), партызанская брыгада Багушэўская (2‑га складу), партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава, партызанская брыгада Лёзненская, партызанскі атрад «Меч», партызанскі атрад I. Ф. Бяляева, партызанскі атрад Багушэўскі; выдавалася падпольная газета «Сталінскі шлях», орган Багушэўскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Да канца 1943 г. пасёлак як чыгуначная станцыя і вузел аўтадарог быў ператвораны захопнікамі ў моцны вузел абароны, які прыкрывалі некалькі ліній траншэй, драцяных і мінных загарод. Амаль у кожным доме, у руінах былі абсталяваны агнявыя пункты.
Багушэўск вызвалены 25 чэрвеня 1944 г. у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 г. часцямі 144‑й (палкоўнік А. А. Данец), 215‑й (генерал-маёр А. А. Казаран) стралковых дывізій і 2‑й гвардзейскай танкавай брыгады (палкоўнік Я. Я. Духоўны) 5‑й арміі 3‑га Беларускага фронту, якія ў ноч на 25 чэрвеня штурмам авалодалі гарадскім пасёлкам, захапілі шмат палонных і трафеяў, у т. л. 2 эшалоны з харчаваннем. У вызваленні Багушэўска ўдзельнічаў 5‑ы партызанскі атрад імя К. Я. Варашылава Багушэўскай брыгады.
У Багушэўску знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх воінаў і партызан; партызан; магілы ахвяр фашызму; на магілах устаноўлены помнікі;
помнік у гонар войск 20‑й арміі, якія здзейснілі Лепельскі контрудар 1941 г.;
памятны знак на месцы расстрэлу гітлераўцамі мірных жыхароў у 1941 г.
У час правядзення палявых пошукавых работ (у маі — кастрычніку 2023) падраздзяленнем 52‑га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у аграгарадку Какоўчына Сенненскага раёна былі выяўлены астанкі 21 ахвяры Вялікай Айчыннай вайны, якія былі перапахаваны на грамадзянскіх могілках у Багушэўску (2023).
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 1: А—Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993.
Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 2: Аршыца—Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996.
Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 (7) т. Т. 2: А—Герань / Редкол.: Г. П. Пашков (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2006.
Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 10 т. Т. 10. Кн. 4: Віцебская вобласць / Рэдкал.: В. У. Ваніна (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2020.
Регионы Беларуси. Витебская область: энциклопедия: в 7 т. Т. 2. Кн. 1 / Редкол.: Т. В. Белова (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Сенненскага раёна / Рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.]. – Мінск: ПК «Паліграфафармленне», 2003.
Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995.
Памяць Беларусі. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.
Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Витебская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; – Москва: Фонд «Историческая память», 2020.
Справочник о местах принудительного содержания гражданского населения на оккупированной территории Беларуси, 1941–1944 / сост.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Гос. ком. по арх. и делопроизводству Респ. Беларусь, 2001.
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) / А. Л. Манаенков (руководитель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1983.
Шомоди В. Э. Маршрутами народной славы: учебное пособие для педагогов и воспитателей. – Минск: Университетское, 2001.
Ботвинник М. Б. Памятники геноцида евреев Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2000.
Винница Г. Р. Холокост на оккупированной территории Восточной Белоруссии в 1941 – 1944 годах: монография. – Минск: Ковчег, 2014.