pdf

БАРЫСАЎСКІЯ ВАЙСКОВЫЯ ЗЛУЧЭННІ I ЧАСЦІ

Дата стварэння: 12.04.2023 10:34:46

Дата змены: 11.09.2024 15:08:54

Бары́саўскія вайско́выя злучэ́нні i ча́сці

За вызваленне г. Барысаў (1.7.1944) у перыяд Мінскай аперацыі 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ганаровае найменне «Барысаўскія» (загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 10.7.1944) атрымала 13 часцей і злучэнняў 11‑й гвардзейскай, 31‑й і 5‑й гвардзейскай танкавых і 1‑й паветранай армій 3‑га Беларускага фронту.

Часці і злучэнні, якім нададзена ганаровае найменне «Барысаўскія»: 62‑я (генерал-маёр П. Р. Бародкін) і 174‑я (палкоўнік М. I. Дзёмін) стралковыя дывізіі, 66‑я зенітная артылерыйская дывізія (генерал-маёр С. С. Сазонаў), 4‑я гвардзейская бамбардзіровачная авіяцыйная дывізія (генерал-маёр авіяцыі Ф. П. Котляр), 148‑ы інжынерна-танкавы полк (маёр С. I. Сотнікаў), 47‑ы асобны гвардзейскі разведвальны авіяцыйны полк (палкоўнік Т. Р. Цюрын), 86‑ы гвардзейскі знішчальны авіяцыйны полк (падпалкоўнік У. А. Чысцякоў), 125‑ы (падпалкоўнік В. В. Маркаў) і 127‑ы (палкоўнік А. А. Калачыкаў) гвардзейскія бамбардзіровачныя авіяцыйныя палкі, 11‑ы гвардзейскі інжынерна-сапёрны батальён (маёр М. С. Малахаў), 103‑і асобны дарожна-эксплуатацыйны батальён (маёр Я. К. Траянаў), 204‑ы асобны інжынерна-сапёрны батальён (маёр А. А. Краўчанка), 1008‑ы асобны батальён сувязі (маёр А. С. Бажанаў).

Войскам, якія ўдзельнічалі ў баях пры фарсіраванні р. Бярэзіна і вызваленні Барысава, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 1 ліпеня 1944 г. аб’яўлена падзяка, у Маскве дадзены салют 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат.