pdf

БЕЛАРУСКАЯ КРАЁВАЯ АБАРОНА

Дата стварэння: 12.04.2023 10:34:57

Дата змены: 11.09.2024 15:08:54

Белару́ская краёвая абаро́на (БКА)

Вайсковае фарміраванне для барацьбы супраць бальшавізму на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Стваралася паводле дазволу кіраўніка нацысцкай Германіі А. Гітлера на правядзенне мабілізацыі ў Беларусі, загадаў выконваючага абавязкі генеральнага камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23 лютага 1944 г. і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) Р. К. Астроўскага ад 6 сакавіка 1944 г. Узначальвала БКА Галоўнае камандаванне на чале з маёрам Ф. В. Кушалем, якому падпарадкоўваліся акруговыя аддзелы БКА.

Аснову БКА складала прымусова мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908–1924 г. н. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс. чалавек, з якіх планавалася сфарміраваць 48 батальёнаў (па 450–500 чалавек). Да сярэдзіны красавіка 1944 г. было створана 36 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры (малодшыя камандзіры) БКА праходзілі падрыхтоўку на 3‑тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў 25 сакавіка 1944 г. уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант (надлейтэнант), капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружыновы (камандзір аддзялення) і звязовы (камандзір узвода).

Галоўнай мэтай БКА з’яўлялася барацьба супраць савецкіх партызан, якая праводзілася ў згодзе з паліцэйскімі ўладамі на месцах.

Большасць насельніцтва варожа ставілася да мабілізацыі ў БКА. Створаныя батальёны не апраўдалі надзей акупантаў. Многія з іх выкарыстоўваліся для аховы складоў і іншых гаспадарчых мэт. Пад уплывам агітацыі партызан і падпольшчыкаў, баявых дзеянняў Чырвонай арміі адбывалася масавае дэзерцірства вайскоўцаў БКА і пераход іх са зброяй да партызан.

Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 г. кіраўнікі БКА разам з часткай асабовага складу апынуліся ў Германіі, дзе пад кіраўніцтвам СС і Міністэрства ўсходніх абласцей прыступілі да арганізацыі так званага беларускага войска. У канцы 1944 г. вайсковы аддзел БЦР рэарганізаваны ў Галоўнае ўпраўленне вайсковых спраў (ГУВС) на чале з К. Б. Езавітавым, якому было прысвоена званне генерал-маёра. Для падрыхтоўкі афіцэрскіх і падафіцэрскіх кадраў у кастрычніку 1944 г. створаны 1‑ы беларускі вучэбны кадравы батальён, укамплектаваны пераважна асабовым складам мінскай школы БКА, што была эвакуіравана ў Германію разам з выкладчыкамі. Паводле загаду ГУВС ад 8 студзеня 1945 г. для фарміравання рэзерву «беларускага войска» створана «асобая група рэзерву». У яе залічваліся збеглыя ў Германію былыя паліцэйскія, асабовы склад Беларускага корпуса самааховы, беларускіх часцей СС, СД, паліцыі парадку, лясной варты, спецгруп па барацьбе з партызанамі і інш. Такім чынам, батальёны БКА фарміраваліся ў Германіі пераважна з тых асоб, якія выступалі супраць савецкай улады і шукалі там паратунку ад кары. Паводле загаду рэйхсфюрара СС Г. Гімлера ад 25 студзеня 1945 г. ГУВС стварыў 1‑ю беларускую грэнадзёрскую брыгаду «Беларусь». У яе склад увайшла частка былых вайскоўцаў БКА, астатнія ўключаны ў 30‑ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая трапіла ў палон да амерыканцаў.