БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ САМАПОМАЧ, прафашысцкая нацыяналістычная арганізацыя
pdf

БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ САМАПОМАЧ

Дата стварэння: 12.04.2023 10:35:17

Дата змены: 11.09.2024 15:08:54


Белару́ская наро́дная самапо́мач (БНС)

Нацыянальная арганізацыя калабарацыяністаў на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Створана 22 кастрычніка 1941 г. паводле загаду генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ. На чале БНС стаялі: І. А. Ермачэнка (да красавіка 1943), В. Л. Іваноўскі (30 чэрвеня — лістапад 1943), Ю. А. Сабалеўскі (лістапад 1943 — 1.2.1944). Кіруючы орган — Цэнтральная рада (Цэнтраль) — складаўся з 13 аддзелаў-рэфератаў, якія ўзначальвалі: адміністрацыйны — Ю. Саковіч, самааховы — Ф. В. Кушаль, палітыкі — І. А. Ермачэнка, прапаганды — А. Я. Адамовіч, судаводства — П. Свірыд, школьны — Я. Скурат і інш.

Арганізацыя дзейнічала пад кантролем і кіраўніцтвам нямецкіх акупацыйных улад. Склад Цэнтральнай рады БНС зацвярджаў генеральны камісар В. Кубэ; праўленні акруговых, раённых і старшынь валасных аддзяленняў прызначалі адпаведныя акруговыя камісары, раённыя і валасныя нямецкія кіраўнікі.

Статут БНС абвяшчаў яе як дабрачынную народную арганізацыю, якая ставіць за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, дапамагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». БНС займалася зборам грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцей, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі; аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. З’езд кіраўнікоў БНС (ліпень 1942) канстатаваў, што за кароткі час БНС ператварылася з дабрачыннай у агульнакраёвую арганізацыю, якая сканцэнтравала ў сваіх руках школьную справу, культурна-асветную дзейнасць, прапаганду, палітыку, справу «самааховы» (узброенай барацьбы з партызанскім рухам) і іншыя кірункі працы сярод насельніцтва Беларусі; стала цэнтрам усяго лаяльнага нямецкім уладам беларускага жыцця, яго кіруючым штабам. З’езд дамагаўся ўнясення змен у статут БНС і прызнання за ёй права самакіравання.

Пры садзейнічанні БНС для барацьбы з партызанамі ствараўся Беларускі корпус самааховы.

На з’ездзе Цэнтральнай рады і акруговых кіраўнікоў БНС (сакавік 1943) быў выпрацаваны мемарандум, які патрабаваў ад нямецкіх улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння беларускага ўрада і беларускай арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак мемарандум выклікаў рэзка негатыўную рэакцыю з боку нацысцкіх улад Германіі ў Берліне, кіраўніцтва СС і паліцыі ў Мінску. Паводле распараджэння акупацыйнай адміністрацыі ад 18 сакавіка 1943 г. дзейнасць БНС абмяжоўвалася толькі аховай здароўя і матэрыяльнай дапамогай насельніцтву. І. А. Ермачэнка быў зняты з пасады і высланы з Беларусі.

У чэрвені 1943 г. БНС рэарганізавана ў Беларускую самапомач (БС), дзейнасць якой, у адпаведнасці з новым статутам, была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. БС 1 сакавіка 1944 г. перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай радзе.