БЕЛАРУСКАЯ ЦЭНТРАЛЬНАЯ РАДА, марыянетачны прафашысцкі ўрад
pdf

БЕЛАРУСКАЯ ЦЭНТРАЛЬНАЯ РАДА

Дата стварэння: 12.04.2023 10:35:42

Дата змены: 11.09.2024 15:08:54

Белару́ская цэнтра́льная ра́да (БЦР)

Дапаможны дарадчы орган, цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Створана нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў снежні 1943 г. пры Генеральным камісарыяце Беларусі ў Мінску з т. зв. Беларускай рады даверу пры Генеральным камісарыяце Беларусі.

У БЦР, якая мела ў сваім складзе 13 галіновых аддзелаў, уваходзілі 14 чалавек, у т. л. Р. К. Астроўскі (прэзідэнт), М. В. Шкялёнак (першы віцэ-прэзідэнт), Ю. А. Сабалеўскі (другі віцэ-прэзідэнт), Ф. В. Кушаль (вайсковыя справы), С. С. Кандыбовіч (фінансы), А. Т. Калубовіч (справы культуры), П. Свірыд (юрыдычныя і рэлігійныя справы), С. Калядка (лясная гаспадарка), С. Стаськевіч (прафесійныя справы), Я. Скурат (школьныя справы), П. Я. Орса (сельская гаспадарка), Н. А. Абрамава і М. Я. Ганько (маладзёжная палітыка).

Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сацыяльнай апекай і Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы і надалей заставаліся пад кантролем нямецкіх акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР (не былі створаны ў Барысаўскай, Ганцавіцкай і Лідскай акругах).

У падпарадкаванне БЦР акупанты перадалі створаныя імі раней арганізацыі Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі і інш.

Члены БЦР памагалі гітлераўцам весці барацьбу супраць партызан, спрабавалі стварыць з беларускага насельніцтва вайсковыя фарміраванні БКА.

Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на т. зв. Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 г. (27.6.1944, Мінск).

У сувязі з вызваленнем Беларусі Чырвонай арміяй у канцы чэрвеня — ліпені 1944 г. БЦР перабралася на тэрыторыю Германіі, дзе працягвала сваю дзейнасць да поўнага разгрому гітлераўцаў вясной 1945 г. Паслядоўнікі БЦР дзейнічалі ў ЗША і Вялікабрытаніі да сярэдзіны 1990‑х гг.