ГЕНЕРАЛЬНЫ КАМІСАРЫЯТ БЕЛАРУСІ, вышэйшы орган нямецка-фашысцкага кіравання часткай акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну
pdf

ГЕНЕРАЛЬНЫ КАМІСАРЫЯТ БЕЛАРУСІ

Дата стварэння: 12.04.2023 10:39:21

Дата змены: 11.09.2024 16:10:52


Генера́льны камісарыя́т Белару́сі (Generalkomissariat Weissruthenien)

Вышэйшы орган нямецка-фашысцкага цывільнага кіравання часткай акупіраванай тэрыторыі Беларусі — Генеральнай акругай «Беларусь» (у складзе рэйхскамісарыята «Остланд») — у 1941–1944 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Створаны ў адпаведнасці з загадам кіраўніка нацысцкай Германіі А. Гітлера ад 17 ліпеня 1941 г., паводле якога кіраванне захопленымі савецкімі абласцямі пасля «спынення ваенных дзеянняў пераходзіць ад ваеннай адміністрацыі да цывільных улад».

Знаходзіўся ў Мінску.

Кіраўнікі: генеральны камісар — гаўляйтар В. Кубэ (1.9.1941 — 22.9.1943; забіты), выконваючы абавязкі генеральнага камісара — генерал-лейтэнант паліцыі групенфюрар СС К. фон Готберг (верасень 1943 — чэрвень 1944).

Генеральны камісарыят Беларусі складаўся з пяці галоўных аддзелаў: палітыкі (уключаў аддзелы палітыкі, прапаганды, культуры і моладзі); упраўлення (аддзелы кадраў, права, фінансавы, медыцынскага абслугоўвання, ашчадных кас і іншыя); гаспадаркі (аддзелы гаспадаркі, сельскай гаспадаркі, харчовы, леса- і дрэваапрацоўкі, рабочай і сацыяльнай палітыкі, прамысловасці і рамяства); тэхнікі (аддзелы будаўніцтва дарог, воднай гаспадаркі, рэк); працы (з 1944). Склад апарату Генеральнага камісарыята камплектаваўся з асоб нямецкай нацыянальнасці.

Генеральнаму камісарыяту Беларусі непасрэдна падпарадкоўваліся акруговыя камісарыяты, гарадскі камісарыят Мінска, сілы паліцыі бяспекі і СД.

Апарат Генеральнага камісарыята Беларусі ажыццяўляў нямецка-фашысцкую палітыку на тэрыторыі Генеральнай акругі «Беларусь», скіраваную на найбольш эфектыўнае выкарыстанне эканамічнага патэнцыялу, людскіх і матэрыяльных рэсурсаў у інтарэсах Германіі, правядзенне палітычных і ідэалагічных мерапрыемстваў і інш.