Дата стварэння: 12.04.2023 10:39:47
Дата змены: 11.09.2024 16:10:52
«Грані́т»
Кодавая назва аперацыі беларускіх партызан па вывадзе са строю транспартных ліній акупантаў вясной і летам 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Распрацавана зімой 1942–1943 гг. План аперацыі зацверджаны 21 красавіка 1943 г. начальнікам Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П. З. Калініным, аднак падрыхтоўка да яе пачалася ў лютым — сакавіку 1943 г. Партызанам ставілася задача шляхам узгодненых дзеянняў сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму максімальныя страты. Пад кантроль партызанскіх атрадаў і брыгад замацоўваліся пэўныя ўчасткі чыгунак і шашэйных дарог.
Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага накіроўваліся прадстаўнікі БШПР — афіцэры сувязі і інструктары-мінёры. У партызанскіх фарміраваннях праводзілася навучанне байцоў і камандзіраў падрыўной справе, ствараліся новыя дыверсійныя групы, узводы, роты, некаторыя атрады амаль цалкам пераключаліся на правядзенне дыверсій. Умацоўваліся сувязі і ўзаемадзеянне партызан з падпольшчыкамі. Аперацыю намячалася пачаць 10 мая 1943 г. З сакавіка БШПР пачаў перапраўляць партызанам з дапамогай авіяцыі далёкага дзеяння і планёрных часцей зброю, боепрыпасы, узрыўчатку. Усяго да 6 чэрвеня 1943 г. было дастаўлена 555 т грузаў: 125,5 т толу, каля 30 тыс. мін, 6 430 аўтаматаў, 1 064 ручныя кулямёты, 10 630 вінтовак і карабінаў, 465 процітанкавых ружжаў і 68,4 тыс. патронаў да іх, каля 55 тыс. ручных і процітанкавых гранат, больш за 8 млн вінтовачных і аўтаматных патронаў і інш.
У час аперацыі партызаны, паводле няпоўных даных, пусцілі пад адхон 1 806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыгуначных мастоў, разбурылі 167 км чыгуначных шляхоў, 619 км тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, разграмілі 6 чыгуначных станцый і 164 фашысцкія гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі, знішчылі больш за 71 тыс. і паранілі каля 18 тыс. ваеннаслужачых праціўніка і паліцэйскіх. Партызаны вялі баявыя дзеянні па разбурэнні чыгуначнага палатна. У гэтых аперацыях паўсюдна прымалі ўдзел байцы партызанскіх рэзерваў і жыхары бліжэйшых вёсак. Да лета 1943 г. партызаны вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі.
Дыверсіі партызан прымусілі гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі чыгунак: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, скорасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10–15 км у гадзіну.
Рост баявых дзеянняў партызан на камунікацыях ворага вясной — летам 1943 г. быў звязаны з ажыццяўленнем аперацыі «Граніт», але яна была праведзена ў абмежаваным маштабе. БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усе партызанскія фарміраванні. Многія атрады і брыгады ў гэты час адбівалі карныя аперацыі гітлераўцаў і не змаглі актыўна ўдзельнічаць у аперацыі. Аднак яна адыграла станоўчую ролю ў развіцці дыверсійнай дзейнасці партызан Беларусі. Яе вопыт быў выкарыстаны БШПР пры планаванні і ажыццяўленні новых, больш маштабных аперацый па вывадзе са строю камунікацый ворага, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».