pdf

ДНЯПРОЎСКА-БУГСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1943 г.

Дата стварэння: 12.04.2023 11:12:27

Дата змены: 11.09.2024 16:10:52

Дняпро́ўска-Бу́гская апера́цыя 1943 г

Праведзена партызанскай брыгадай імя В. М. Молатава Пінскай вобласці з мэтай вывесці са строю шлюзы, плаціны і вадаспускі Дняпроўска-Бугскага канала і сарваць перавозкі праціўніка ў час Вялікай Айчыннай вайны. Распрацавана Беларускім штабам партызанскага руху ў канцы 1942 г.

У лютым — сакавіку 1943 г. дыверсійныя групы атрадаў імя С. Г. Лазо, імя М. І. Кутузава, імя А. В. Суворава вывелі са строю Оўзіцкі, Ляхавіцкі, Рагадашчаўскі, у маі — шлюзы «Пераруб» і Радастаўскі на Белаазерскім канале.

У пачатку лета 1943 г. праціўнік спрабаваў аднавіць Дняпроўска-Бугскі канал і пусціць яго ў эксплуатацыю. Дзеля гэтай мэты прыбыла аднаўленчая каманда ў складзе батальёна, якую прыкрывала 6 ваенных катараў рачной флатыліі. Пачаліся рамонтныя работы.

Даведаўшыся аб намерах праціўніка, камандаванне партызанскай брыгады імя В. М. Молатава ў ноч на 19 чэрвеня 1943 г. сіламі трох атрадаў (каля 400 чалавек) правяло аперацыю па вывадзе са строю Гарадзецкага, Ляхавіцкага, Оўзіцкага, Перарубскага, Селішчанскага, Старога і Новага Рагадашчаўскага гідравузлоў. Каб адцягнуць увагу ворага, атрады імя І. В. Сталіна і імя У. Р. Нямытава завязалі бой у раёне в. Патапавічы, дзе знаходзіліся асноўныя сілы праціўніка і ваенныя катары. Астатнія сілы брыгады атакавалі пералічаныя вышэй аб’екты і знішчылі іх.

У аперацыі праціўнік страціў 12 чалавек забітымі і 36 параненымі, партызаны — 4 чалавекі параненымі. Узровень вады ў Дняпроўска-Бугскім канале панізіўся да 30–60 см, 120 км канала на ўчастку Пінск — Кобрын сталі непрыдатныя для эксплуатацыі. Перакінутыя з Дняпра 129 суднаў праціўніка засталіся ў порце г. Пінск і ў ліпені 1944 г. былі захоплены Дняпроўскай ваеннай флатыліяй.