Дата стварэння: 12.04.2023 11:13:04
Дата змены: 11.09.2024 16:10:52
Івяне́цка-Налібо́цкая партыза́нская зо́на
Тэрыторыя Івянецкага і часткі сумежных з ім Валожынскага, Дзяржынскага, Заслаўскага, Мінскага, Мірскага, Радашковіцкага і Стаўбцоўскага раёнаў, якую кантралявалі партызаны ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Утварылася летам 1942 г. у ходзе бязлітасных баёў партызанскіх атрадаў і груп з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў перадполлі чыгунак Стоўбцы — Мінск і Маладзечна — Мінск.
Цэнтрам зоны была Налібоцкая пушча, адкуль вясной і летам 1942 г. пачалася ліквідацыя гарнізонаў ворага ў вёсках Волма і Налібакі (Налібокі; гл. Налібоцкія баі 1942, 1943 гг.). Са жніўня 1942 г. да красавіка 1943 г. кіраўніцтва партызанскай зонай ажыццяўлялася камандаваннем Асобага злучэння партызанскіх атрадаў (камандзір В. В. Шчарбіна). Да восені 1943 г. тэрыторыя зоны складала 2,5 тыс. км², яе ўтрымлівалі 9 тыс. партызан з пяці партызанскіх брыгад і тры асобныя атрады Івянецкага партызанскага злучэння з часткай сіл Стаўбцоўскага партызанскага злучэння.
У партызанскай зоне была адноўлена савецкая ўлада, функцыі якой ажыццяўлялі партызанскія каменданты; ліквідаваны нямецкія маёнткі і адкормачныя пункты; сялянам вернута нарабаваная ў іх маёмасць (жывёла, сельгасінвентар, збожжа). Насельніцтва зоны аказвала партызанам усямерную дапамогу ў барацьбе супраць захопнікаў. Партызаны праводзілі сярод насельніцтва масава-палітычную і арганізацыйную работу па стварэнні партызанскіх рэзерваў, абаранялі яго ад карнікаў. На тэрыторыі зоны базіраваліся Баранавіцкі падпольны абкам КП(б)Б, Баранавіцкае партызанскае злучэнне, Івянецкі падпольны міжрайпартцэнтр, Івянецкі падпольны міжрайцэнтр ЛКСМБ, а таксама Валожынскі, Івянецкі, Мінскі і Стаўбцоўскі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ; выдаваліся падпольныя газеты «Чырвоная звязда», «Молодой мститель», «Народный мститель», «Искра» і інш.
Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць зону. Бязлітасныя баі з карнікамі па яе абароне пачаліся ў канцы 1942 г. У іх вызначыліся атрады 54‑ы, імя К. Я. Варашылава (гл. Партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава), Арлянскі (гл. Партызанская брыгада Ленінская), 3649‑ы (гл. Партызанская брыгада «Перамога»), якія затрымалі прасоўванне гітлераўцаў спачатку на рубяжах р. Шчара, а потым непасрэдна ў перадполлі Налібоцкай пушчы. Стойкай абаронай і імклівымі манеўрамі партызаны сарвалі спробы гітлераўцаў ліквідаваць партызанскую зону (гл. «Балотная ліхаманка», «Гамбург»). Асабліва цяжкія выпрабаванні выпалі на долю партызан і мясцовага насельніцтва ўлетку 1943 г. у час адной з найбольш буйных карных аперацый «Герман».
Пад кіраўніцтвам Баранавіцкага падпольнага абкама і Івянецкага падпольнага міжрайпартцэнтра загадзя быў распрацаваны план абароны зоны, брыгадам і атрадам вызначаны месцы дыслакацыі галоўных і рэзервовых сіл. Тактычнымі прыёмамі барацьбы з намнога большымі сіламі карнікаў былі начныя налёты на месцы размяшчэння варожых падраздзяленняў і дзеянні буйных засадных груп. На выпадкі поўнай блакады і прачэсвання зоны прадугледжвалася манеўраванне брыгад і атрадаў у месцах дыслакацыі, выхад у новыя раёны, прарыў блакады аб’яднанымі сіламі і адыход па загадзя вызначаным маршруце. Адметнай рысай арганізацыі і вядзення абароны зоны з’яўлялася тое, што партызаны, выкарыстоўваючы ўсе перавагі сваёй тактыкі і геаграфічных умоў, ні разу не пакінулі раёны дыслакацыі і абаранялі насельніцтва ад карнікаў. Цэнтральны штаб партызанскага руху ў радыёграме на імя сакратара Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б адзначаў: «...Ваша бліскучая перамога над ворагам увойдзе ў гісторыю гераічнай барацьбы беларускага народа за свабоду і незалежнасць. Перадайце ўсім партызанам і партызанкам... падзяку за мужны адпор нямецкім катам і забойцам».
Партызаны ўтрымлівалі зону да вызвалення Беларусі ў ліпені 1944 г.