pdf

«АСВЯЧЭННЕ ХРАМА»

Дата стварэння: 14.04.2023 11:00:58

Дата змены: 11.09.2024 16:20:14


«Асвячэ́нне хра́ма» («Кichweih»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх акупантаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў Калінкавіцкім, Васілевіцкім і Хойніцкім раёнах Палескай вобласці 20–21 кастрычніка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. З’яўлялася працягам аперацыі «Барбара».

Праводзілася сіламі, вылучанымі для аперацыі 46‑м армейскім корпусам, у т. л. 242‑м, 587‑м ахоўнымі батальёнамі, 1‑м батальёнам 612‑га ахоўнага палка і асобнымі падраздзяленнямі 930‑га ахоўнага палка.

Тры партызанскія атрады, у т. л. 4‑ы імя М. В. Фрунзэ 99‑й Калінкавіцкай партызанскай брыгады, былі блакіраваны карнікамі ва ўрочышчы Новая Зямля Калінкавіцкага раёна. Бязлітасныя баі на працягу сутак ішлі каля вёсак Хобнае (Васілевіцкі раён), Вужынец (Калінкавіцкі раён) і Старч (Хойніцкі раён).

Партызаны вырваліся з блакады, захаваўшы сваю баяздольнасць.

На базе 4‑га атрада імя М. В. Фрунзэ 22 кастрычніка была створана 2‑я Калінкавіцкая партызанская брыгада імя М. В. Фрунзэ.

У раёне аперацыі гітлераўцы расстралялі больш за 70 жанчын, старых і дзяцей; спалілі вёскі Старч (знішчылі 9 чалавек), Вужынец (25 чалавек), Хобнае (39 чалавек) і інш.