pdf

«БАКЛАН»

Дата стварэння: 14.04.2023 11:01:42

Дата змены: 11.09.2024 16:20:14

«Бакла́н» («Коrmoran»)

Кодавая назва буйнамаштабнай карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў у аператыўным тыле 3‑й танкавай і 4‑й палявой германскіх армій у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася па загадзе галоўнага камандавання групы армій «Цэнтр» і пад яго кіраўніцтвам з 25 мая да 23 чэрвеня 1944 г. у Барысаўскім, Бягомльскім, Крупскім, Лагойскім, Мінскім, Плешчаніцкім, Смалявіцкім, Халопеніцкім раёнах Мінскай, Докшыцкім, Ільянскім, Куранецкім, Маладзечанскім, Радашковіцкім раёнах Вілейскай і ў Лепельскім раёне Віцебскай абласцей. Спынена ў сувязі з тым, што Чырвоная армія пачала стратэгічную Беларускую аперацыю 1944 г. Мэтай аперацыі было знішчэнне партызанскіх фарміраванняў паміж гарадамі Лепель, Докшыцы і чыгункай Мінск — Орша, захоп насельніцтва для вывазу ў Германію і выкарыстання яго на абарончых работах.

Камандуючы групай армій «Цэнтр» генерал-фельдмаршал Э. Буш упаўнаважыў камандаванне 3‑й танкавай і 4‑й палявой армій, камандуючага вермахта «Беларусь» і вышэйшага кіраўніка СС і паліцыі Цэнтральнай Расіі і Беларусі прыцягваць і выкарыстоўваць у аперацыі «Баклан» усе наяўныя ў распараджэнні сілы, незалежна ад роду і колькасці, з тым, каб забяспечыць такі ж поспех гэтай аперацыі, як і аперацыі «Веснавое свята». Камандаванню нямецкай 6‑й паветранай арміі было прапанавана па магчымасці буйнымі сіламі падтрымаць аперацыю. Непасрэднае кіраўніцтва «Бакланам» ажыццяўляў вышэйшы кіраўнік СС і паліцыі Цэнтральнай Расіі і Беларусі, групенфюрар войск СС, генерал-лейтэнант паліцыі К. фон Готберг. Аперацыя была падзелена на 3 фазы. Планавалася адцясніць партызан у раён на поўнач ад возера Палік ударамі з захаду і ўсходу, а потым усіх, хто трапіць у «кацёл», поўнасцю знішчыць.

Да 15 мая 1944 г. у раён аперацыі былі сцягнуты 4 баявыя і 3 спецыяльныя загараджальныя групы. У склад груп 3‑й танкавай і 4‑й палявой армій уваходзілі ў поўным складзе 201‑я і 286‑я ахоўныя дывізіі, 5 паліцэйскіх палкоў, 5‑ы полк брыгады так званай Рускай вызваленчай народнай арміі, адзін грэнадзёрскі і 3 асобныя ахоўныя палкі, 7 асобных паліцэйскіх і палявых батальёнаў, шматлікія артылерыйскія і спецыяльныя падраздзяленні. Камандныя пункты груп знаходзіліся ў гарадах Вілейка, Лепель, Барысаў, г. п. Іўе, в. Пустаселле (Докшыцкі раён).

Праз 2 тыдні пасля пачатку баёў намнога большым сілам праціўніка ўдалося адцясніць партызан у раён домжарыцкіх (Лепельскі раён) і паліцкіх (Барысаўскі раён) балот. У партызан скончыліся боепрыпасы, харчаванне, медыкаменты. Камандзірам брыгад і злучэнняў Барысаўска-Бягомльскай, Сенненска-Аршанскай і Полацка-Лепельскай партызанскіх зон быў дадзены загад атакаваць ворага на разведаных напрамках і прарывацца з блакады.

Да 15 чэрвеня 1944 г. каля 20 партызанскіх брыгад прарвалі блакаду ворага, вырваліся з акружэння і нанеслі праціўніку сур’ёзныя страты. Штаб партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны (камандзір Р. Н. Мачульскі, начальнік штаба М. К. Садоўскі, упаўнаважаны Беларускага штаба партызанскага руху А. Ф. Бардадын) разам з партызанамі, якія не выйшлі з акружэння, утрымлівалі пазіцыі на балотных астраўках каля возера Палік. У крытычныя моманты баёў ім аказала дапамогу савецкая бамбардзіровачная авіяцыя. Гітлераўцы 23 чэрвеня 1944 г. пачалі выводзіць свае войскі з раёна аперацыі ў сувязі з наступленнем савецкіх войск.

У ходзе карнай аперацыі «Баклан» гітлераўцам удалося расчляніць партызанскія сілы, нанесці ім цяжкія страты, але ўсе партызанскія брыгады захавалі баяздольнасць і ўступілі ва ўзаемадзеянне з часцямі Чырвонай арміі. Карнікі не дасягнулі і другой сваёй мэты: захапіць і ўгнаць на катаржныя работы ў Германію як мага болей савецкіх грамадзян. Камандуючы «Бакланам» К. фон Готберг у роспачы адзначаў, што яго падначаленыя захапілі ўсяго 200 мужчын і жанчын, у той час як у трох папярэдніх аперацыях («Веснавое свята», «Прагулка на Сёмуху», «Марабу») былі захоплены 15 404 чалавекі. У час аперацыі была знішчана в. Дальва. Гераізм і стойкасць партызан у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі сарвалі запланаваныя акупантамі карныя аперацыі «Чорны» («Schwarz»), «Чырвоны» («Rot»), «Сонцастаянне» («Sonnenwende»).