Дата стварэння: 14.04.2023 11:02:48
Дата змены: 11.09.2024 16:20:14
«Барба́ра» («Barbara»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх акупантаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Васілевіцкім і Калінкавіцкім раёнах Палескай вобласці 9–16 кастрычніка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася сіламі баявых груп вермахта і жандармерыі ў складзе 105‑га грэнадзёрскага і 57‑га ахоўнага палкоў, сямі асобных ахоўных батальёнаў, артылерыйскіх дывізіёнаў, спецыяльных сапёрных і іншых падраздзяленняў. Іх павінен быў падтрымліваць браняпоезд.
Тэрыторыя т. зв. «Мокрага трохвугольніка» (міжрэчча Дняпра, Прыпяці і Бярэзіны) прызначалася камандаваннем групы армій «Цэнтр» для размяшчэння тылоў 2‑й нямецкай арміі, якая адступала ў ходзе Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 1943 г. Па выніках разведкі гітлераўцамі «Мокрага трохвугольніка» начальнік аператыўнага аддзела штаба аховы тылу 2‑й арміі дакладваў, што «абстаноўка ў новым тыле арміі карэнным чынам адрозніваецца ад абстаноўкі ў ранейшых тылавых раёнах... Тут... толькі некаторыя буйныя населеныя пункты (Рэчыца, Брагін, Хойнікі, Мазыр) кіруюцца і кантралююцца нямецкімі ўстановамі, а астатняя тэрыторыя знаходзіцца пад кантролем партызан...». Для «ўціхамірвання» гэтага раёна камандаванне 2‑й арміі правяло карную аперацыю «Барбара».
Баявыя дзеянні разгарнуліся ў трохвугольніку Калінкавічы — Жлобін — Рэчыца. Галоўны ўдар прынялі на сябе брыгады і атрады Палескага і Гомельскага партызанскіх злучэнняў. З мэтаю «знішчэння партызан і тых, хто ім спачувае, рэквізіцыі або знішчэння прадуктаў сельскай гаспадаркі, пазбаўлення партызан харчовай базы», як вызначалася ў загадзе на аперацыю, карнікі правялі «маршы-прачоскі» з тым, каб прыціснуць партызан і насельніцтва, якое выходзіла разам з імі, да чыгункі Калінкавічы — Жлобін. Але яшчэ да пачатку аперацыі карнікі панеслі істотныя страты: 7 кастрычніка быў узарваны бронецягнік, падарваны на мінах танк і некалькі грузавых аўтамашын з салдатамі і афіцэрамі.
Упартыя баі разгарнуліся 10 кастрычніка вакол вёсак Буда, Смалянка, Есіпава Рудня, Замосце, Дудзічы, Рудня Антонаўская. Некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі в. Булаўкі Калінкавіцкага раёна, бой за якую вяла партызанская брыгада 99‑я Калінкавіцкая. Гітлераўцы 12 кастрычніка занялі вёскі Насавічы, Карма, Залатуха, Лукі, Хамічы, Вязавіца, Ліпаў, выйшлі на лінію Халоднікі — Давыдавічы, завяршыўшы акружэнне раёна аперацыі «Барбара». Але да гэтага часу Васілевіцкі партызанскі атрад імя П. К. Панамарэнкі вывеў насельніцтва ў размяшчэнне Гомельскага партызанскага злучэння, схаваўшы ў лясах жывёлу і хлеб. Партызанская брыгада 99‑я Калінкавіцкая заставалася ў блакадзе, адцягваючы на сябе карнікаў, 16 кастрычніка яна рушыла на прарыў праз гасцінец Халоднікі — Ліпаў. З боку гітлераўскага гарнізона ў Ліпаве брыгаду прыкрылі 20 партызан з 1‑га атрада імя К. Я. Варашылава пад камандаваннем Ф. Г. Ухналёва. Яны адбілі атакі намнога большых сіл гітлераўцаў, знішчылі каля 40 карнікаў і забяспечылі выхад асноўных сіл брыгады з блакады.
У раёне карнай аперацыі гітлераўцы расстралялі каля 200 савецкіх грамадзян, спалілі некалькі вёсак, устанавілі новыя апорныя пункты, узмацнілі ўцалелыя гарнізоны. Але партызаны невялікімі дыверсійнымі групамі зноў прасачыліся ў раёны сваёй дыслакацыі і наносілі ўдары па камунікацыях праціўніка.
Працягам «Барбары» сталі карныя аперацыі «Асвячэнне храма» і «Хубертус».