ГРОДЗЕНСКІЯ АБАРОНЧЫЯ БАІ 1941 г., абарончыя баі савецкіх войск вакол г. Гродна 22–27 чэрвеня 1941 г.
pdf
ГРОДЗЕНСКІЯ АБАРОНЧЫЯ БАІ 1941 г., абарончыя баі савецкіх войск вакол г. Гродна 22–27 чэрвеня 1941 г.

Мемарыял пагранічнікам у горадзе Гродна.

ГРОДЗЕНСКІЯ АБАРОНЧЫЯ БАІ 1941 г.

Дата стварэння: 14.04.2023 11:03:51

Дата змены: 17.09.2024 12:17:35


Гро́дзенскія абаро́нчыя баі́ 1941 г. 

Абарончыя баі ў раёне г. Гродна 22–26 чэрвеня 1941 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Вызначаюцца баі на дзяржаўнай мяжы ў паласе 68‑га Гродзенскага ўмацаванага раёна (УРа), контрудар 29‑й танкавай дывізіі ў раёне в. Канюхі і наступленне на Гродна 24–26 чэрвеня з паўднёва-ўсходняга кірунку.


Дыслакацыя часцей вакол Гродна

Напярэдадні вайны ў Гродне і наваколлях дыслацыраваліся часці савецкай 3‑й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта В. І. Кузняцова. У склад арміі ўваходзілі часці 4‑га стралковага корпуса (27‑я, 56‑я і 85‑я стралковыя дывізіі), 11‑га механізаванага корпуса (29‑я і 33‑я танкавыя, 204‑я матарызаваная дывізіі), 68‑га Гродзенскага УРа (9‑ы і 10‑ы асобныя кулямётна-артылерыйскія батальёны), 11‑й змяшанай авіядывізіі, 6‑й супрацьтанкавай артылерыйскай брыгады. Мяжу ў паласе арміі прыкрывалі заставы 86‑га Аўгустоўскага памежнага атрада. Задачай арміі было прыкрыць лідскі, гродзенскі і беластоцкі кірункі моцнай абаронай Гродзенскага УРа і палявых умацаванняў на фронце Капчамесціс — Граева.


Баі раніцай 22 чэрвеня 1941 г. 

Пасля артылерыйскага ўдару па часцях 56‑й стралковай дывізіі перайшлі ў наступленне 3 пяхотныя дывізіі 8‑га армейскага корпуса вермахта, якому было дадзена 14 дывізіёнаў артылерыі буйнога калібру. На поўнач ад Гродна, на стыку з Прыбалтыйскай акругай, перадавыя атрады праціўніка са складу 161‑й пяхотнай дывізіі выйшлі да р. Нёман у 7 гадзін 30 хвілін раніцы. Часці 56‑й стралковай дывізіі былі размешчаны па фронце працягласцю больш за 50 км; сувязь паміж імі і штабам злучэння ажыццяўлялася па дзяржаўных паветраных лініях сувязі, якія неўзабаве былі выведзены са строю. Да 8 гадзін нямецкая пяхота прарвалася да каманднага пункта 56‑й дывізіі ў в. Свяцк і штаб пачаў адступленне. Участак прыкрыцця, які павінна была абараняць 56‑я дывізія, перастаў існаваць. У некалькіх месцах акружаныя падраздзяленні працягвалі адбіваць атакі. Каля в. Краснае ўвесь дзень 22 чэрвеня баі вёў 2‑і батальён 37‑га стралковага палка. З мэтай пазбегнуць акружэння батальён стаў адыходзіць і да вечара 23 чэрвеня апынуўся ў раёне г. Саколка (цяпер Сакулка, Польшча).


Баі на паўночны захад ад Гродна 22 чэрвеня 1941 г. 

Арганізаваны і стойкі адпор немцы атрымалі на Аўгустоўскім канале — там, дзе трымалі абарону 213‑ы стралковы полк і 9‑ы асобны кулямётна-артылерыйскі батальён. Іх падтрымлівалі 247‑ы гаўбічны полк, дывізіён 113‑га лёгкаартылерыйскага палка і 38‑ы разведвальны батальён. Нягледзячы на гераічнае супраціўленне, пасля поўдня 28‑я пяхотная дывізія праціўніка прарвала абарону на рубяжы Гродзенскага ўмацаванага раёна і, абышоўшы г. п. Сапоцкін з поўдня і поўначы, пачала прасоўвацца ў бок Гродна. На правым беразе Нёмана войскі праціўніка сустрэў 184‑ы стралковы полк, які ў выніку бою быў разгромлены. Далей 161‑я пяхотная дывізія вермахта фарсіравала Нёман каля в. Гожа і пачала прасоўвацца на в. Азёры.

Блакіраваўшы ачагі супраціўлення дробных рэшткавых груп 56‑й дывізіі, пяхотныя часці вермахта рухаліся на Гродна. З мэтай ліквідацыі прарыву ў баявыя дзеянні быў уведзены 11‑ы механізаваны корпус (генерал-маёр М. Г. Хацкілевіч) з задачай сустрэчным ударам разграміць варожыя войскі і выйсці на рубеж Сапоцкін — дзяржаўная мяжа. Танкавыя дывізіі корпуса дыслацыраваліся ў Гродне (29‑я) і Саколцы (33‑я), матарызаваная (204‑я) дывізія і штаб — у г. Ваўкавыск. Першы з Гродна ў паўночна-заходнім кірунку раніцай 22 чэрвеня выступіў 29‑ы разведвальны батальён. У раёне Канюхі — Лабна-Агароднікі батальён прыняў бой з перадавым атрадам 8‑й пяхотнай дывізіі вермахта, якая непасрэдна наступала на Гродна. Нямецкія часці перайшлі да абароны і адбілі атаку бранятэхнікі разведвальнага батальёна. У 10 гадзін раніцы пачаўся рух танкавых палкоў 29‑й танкавай дывізіі: 57‑ы полк (маёр І. Р. Чарапкін) наступаў у кірунку Лабна-Агароднікі — Канюхі — Гінавічы — Галынка; 59‑ы полк (маёр В. С. Ягораў) — у кірунку Польныя Багатыры — Ліпшчаны — Рыгалаўка (цяпер Рыгалуўка, Польшча) — Сялко (цяпер Сюлка, Польшча). Пад поўдзень 57‑ы танкавы полк выйшаў на рубеж Навумавічы — Лабна-Агароднікі і ў раёне Канюхоў уступіў у бой з часцямі праціўніка, якія занялі абарону і мелі значную колькасць супрацьтанкавай артылерыі, уключаючы штурмавыя гарматы (від самаходных артылерыйскіх установак). Атака на нямецкія пазіцыі працягвалася некалькі гадзін. Савецкім танкістам удалося прасунуцца да мяжы Перстунь — Галынка, дзе яны падвергліся агню варожай артылерыі і налётам авіяцыі. Панёсшы вялікія страты ў тэхніцы і асабовым складзе, вечарам 22 чэрвеня па загадзе камандзіра дывізіі 57‑ы танкавы полк адступіў да Гродна.

У бой з палком 256‑й пяхотнай дывізіі 20‑га армейскага корпуса вермахта, які заняў пазіцыі ў раёне Сялко — Ліпшчаны, уступіў 59‑ы танкавы полк. У баі прыняла ўдзел некалькі танкаў КВ‑2 і Т‑34. Супраць савецкіх танкістаў немцы прымянілі супрацьтанкавую артылерыю і авіяцыю. З вялікімі стратамі 59‑ы танкавы полк адступіў да Гродна.

На паўднёва-заходняй ускраіне горада па ўсходнім беразе р. Ласосна абарону занялі 29‑ы мотастралковы і 29‑ы артылерыйскі палкі 29‑й танкавай дывізіі.


Баі на подступах да Гродна

У 2‑й палове дня 22 чэрвеня фашысцкія войскі выйшлі на подступы да Гродна. Для абароны горада былі разгорнуты падраздзяленні 85‑й стралковай і 204‑й матарызаванай дывізій. Па загадзе камандуючага 3‑й арміяй 103‑і і 141‑ы стралковыя палкі, 167‑ы лёгкі і 223‑і гаўбічны артылерыйскія палкі рушылі на паўднёва-заходнюю ўскраіну Гродна і занялі абарону па Ласосне. Каля в. Пышкі абарону занялі курсанты школы памежнікаў (маёр Б. С. Зіноўеў). Загараджальны агонь па самалётах праціўніка вёў 346‑ы зенітны дывізіён (капітан Гамбалеўскі), збіўшы 22 чэрвеня 6 нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў. З поўначы Гродна прыкрылі 59‑ы стралковы полк (палкоўнік З. З. Цярэнцьеў) і 74‑ы разведвальны батальён. Падраздзяленні 204‑й дывізіі (126‑ы танкавы полк, 700‑ы і 706‑ы матарызаваныя палкі) занялі абарону на рубяжы Солы — Ласосна — Новікі — чыгунка Гродна — Беласток.

Пад пагрозай поўнага акружэння вечарам 22 чэрвеня камандуючы 3‑й арміяй генерал-лейтэнант В. І. Кузняцоў аддаў загад аб адступленні з Гродна на рубеж Котра — Свіслач — Лунна. Склады гаруча-змазачных матэрыялаў і боепрыпасаў, чыгуначны мост праз Нёман былі ўзарваныя; частка параненых і членаў сем’яў вайскоўцаў была эвакуіравана з Гродна. Шашэйны мост быў часткова пашкоджаны. У далейшым нямецкія сапёры аднавілі яго. Прыкрываючы адыход савецкіх часцей, на пазіцыях на паўднёвы захад ад Гродна засталіся 204‑я матарызаваная дывізія і 57‑ы танкавы полк.


Захоп Гродна праціўнікам

Раніцай 23 чэрвеня ў Гродна ўступілі перадавыя падраздзяленні 8‑й пяхотнай дывізіі вермахта. На працягу дня нямецкія часці цалкам авалодалі горадам. Працягнулі наступленне па паўночным беразе Нёмана ў кірунку Скідзель — Ліда 28‑ы і 38‑ы пяхотныя палкі, 8‑ы разведвальны батальён; 84‑ы пяхотны полк умацаваўся на ўсходняй і паўднёва-ўсходняй ускраінах горада, адбіваючы атакі савецкіх падраздзяленняў, якія прыкрывалі адыход 3‑й арміі. Уздоўж Ласосны ад в. Бакуны да в. Каробчыцы пазіцыі заняў узмоцнены полк 256‑й пяхотнай дывізіі вермахта.


Спробы адбіць Гродна і адыход савецкіх войскаў

У адпаведнасці з загадам камандуючага Заходнім фронтам генерала арміі Д. Р. Паўлава аб арганізацыі контрудару 23 чэрвеня ў штаб 10‑й арміі прыбыў 1‑ы намеснік камандуючага фронтам генерал-лейтэнант І. В. Болдзін. Планавалася, што ў конна-механізаваную групу, якую ён узначаліў, павінны ўвайсці: 6‑ы механізаваны (генерал-маёр М. Г. Хацкілевіч), 6‑ы кавалерыйскі (генерал-маёр І. С. Нікіцін) карпусы 10‑й арміі і 11‑ы механізаваны (генерал-маёр Д. К. Маставенка) корпус 3‑й арміі. Аднак пастаянныя ўдары авіяцыі праціўніка і іншыя цяжкія абставіны не дазволілі І. В. Болдзіну своечасова перадыслацыраваць злучэнні 10‑й і 3‑й армій і стварыць моцную ўдарную групу войскаў. Войскі групы панеслі вялікія страты. Сярод тых, хто загінуў, былі многія военачальнікі, у т. л. генерал-маёр М. Г. Хацкілевіч (гл. таксама Беластока абарона 1941 г.).

У ноч з 23 на 24 чэрвеня камандуючы 3‑й арміяй генерал-лейтэнант В. І. Кузняцоў атрымаў загад аб наступе ўсімі сіламі арміі ў кірунку Гродна, аб авалоданні горадам і выхадзе да гарадоў Мяркінэ і Друскінінкай (Літва). Большасць падраздзяленняў 85‑й стралковай і 29‑й танкавай дывізій знаходзілася ў гэты час на адлегласці 30–40 км ад Гродна. Для ўдзелу ў наступе ім прыйшлося здзейсніць марш па адкрытай тэрыторыі пад бесперапыннымі авіяналётамі праціўніка.

Баі за Гродна праходзілі на паўднёвай і паўднёва-ўсходняй ускраінах горада 24–26 чэрвеня і вызначаліся сваёй жорсткасцю. З прычыны перавагі нямецкай авіяцыі, недахопу паліва, боепрыпасаў контрудар у раёне Гродна не дасягнуў мэты. У ноч з 26 на 27 чэрвеня савецкія войскі пачалі адыход на ўсход у кірунку Масты — Ваўкавыск.