Дата стварэння: 14.04.2023 11:05:42
Дата змены: 11.09.2024 14:12:39
Калабарацыяні́сты (франц. collaboration супрацоўніцтва) у Другую сусветную вайну.
Асобы, палітычныя партыі, грамадскія рухі і арганізацыі на часова акупіраваных войскамі гітлераўскай Германіі і яе саюзнікаў тэрыторыях іншых краін, якія ў гады Другой сусветнай вайны супрацоўнічалі з захопнікамі, у т. л. у справе т. зв. будаўніцтва «Новай Еўропы».
Сярод калабарацыяністаў — палітычныя, ваенныя і культурныя дзеячы А. Ф. Петэн, П. Лаваль (Францыя), В. Квіслінг (адсюль сінонім — квіслінгаўцы), К. Гамсун (Нарвегія), А. А. Уласаў (Расія), Р. К. Астроўскі (Беларусь) і інш.
Беларускія калабарацыяністы ўдзельнічалі ў эканамічных, ідэалагічных і іншых мерапрыемствах нямецка-фашысцкага акупацыйнага рэжыму, у т. л. у карных акцыях супраць партызан, падпольшчыкаў і мірнага насельніцтва. Адначасова яны ставілі сабе за мэту стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы пад пратэктаратам Германіі, аднак гітлераўская вярхушка мела наконт Беларусі зусім іншыя планы (гл. у артыкуле «Ост»).
Становішча на франтах, разгортванне партызанскага руху вымушалі акупантаў рабіць пэўныя карэктывы ў сваёй палітыцы адносна беларускіх калабарацыяністаў і насельніцтва Беларусі ў цэлым, што, аднак, не мяняла тэрарыстычнай і грабежніцкай сутнасці акупацыйнага рэжыму. У снежні 1943 г. паводле загаду нямецкіх улад была створана т. зв. Беларуская цэнтральная рада, якая ў сакавіку 1944 г. аб’явіла мабілізацыю ў Беларускую краёвую абарону.