Дата стварэння: 14.04.2023 11:06:31
Дата змены: 11.09.2024 14:12:39
Капы́ль
Горад, цэнтр Капыльскага раёна Мінскай вобласці, на р. Мажа. За 115 км на паўднёвы захад ад Мінска, 9 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы (на лініі Баранавічы — Асіповічы). Аўтадарогамі звязаны з Мінскам і Слуцкам.
У 1938–1984 гг. гарадскі пасёлак.
У 1939 г. у Капылі было 5 133 жыхары.
Капыль акупіраваны 29 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі зруйнавалі гарадскі пасёлак, загубілі ў раёне 3 132 чалавекі (па іншых звестках — 3 781), у т. л. у райцэнтры 2 915 мірных жыхароў. У Капылі было створана гета, якое праіснавала да 22 ліпеня 1942 г., дзе ў выніку дзвюх акцый знішчэння загінула каля 3,5 тыс. яўрэяў (на помніку на магіле ахвяр фашызму пазначана лічба 2 965).
У раёне дзейнічалі Капыльскі падпольны райкам КП(б)Б і Капыльскі падпольны райкам ЛКСМБ; партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава (Мінскай вобласці), партызанская брыгада 300‑я імя К. Я. Варашылава, партызанская брыгада 27‑я імя В. І. Чапаева; партызанскі атрад «Баявы» імя Дунаева, партызанскі атрад Слуцкі; партызанская група «Волаты»; выдавалася падпольная газета «Калгаснік Копыльшчыны», орган Капыльскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Партызаны брыгады імя К. Я. Варашылава 9 жніўня 1942 г. атакавалі варожы гарнізон у Капылі і ў ходзе 3‑гадзіннага бою знішчылі больш за 30 гітлераўцаў. Партызаны брыгады 27‑й імя В. І. Чапаева 29 чэрвеня 1944 г. разграмілі ў гарадскім пасёлку варожы гарнізон (гл. Капыльскія баі 1942, 1944 гг.).
Капыль вызвалены 1 ліпеня 1944 г. воінамі 10‑й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі (палкоўнік М. С. Папрыкайла) 4‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса (генерал-лейтэнант І. А. Пліеў) 28‑й арміі (генерал-лейтэнант А. А. Лучынскі) 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944 г.
У Капылі знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
памятны знак воінам-артылерыстам 1‑й батарэі (капітан Ф. П. Іваноў) 255‑га зенітнага артылерыйскага палка, якія загінулі пры вызваленні Капыля;
памятны знак ахвярам гета ў Капылі;
мемарыяльная дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза М. В. Рамашкі.