Дата стварэння: 14.04.2023 11:08:31
Дата змены: 11.09.2024 14:12:40
Клі́чаўская вае́нна-аператы́ўная гру́па
Клічаўская ВАГ, Ваенна-аператыўная група пры Клічаўскім падпольным райкаме КП(б)Б.
Партызанскае злучэнне, якое дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Клічаўскага, Магілёўскага, Бялыніцкага, Шклоўскага, Кіраўскага і Быхаўскага раёнаў.
Таксама назва органа кіраўніцтва гэтым злучэннем.
Уваходзіла ў Магілёўскае партызанскае злучэнне.
Створана ў ліпені 1943 г. у адпаведнасці з пастановай Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б і загадам Магілёўскай (абласной) ВАГ на базе партызанскіх атрадаў 277‑га, 278‑га, 115‑га і 25‑га, якія ўваходзілі да 20 мая ў склад 2‑й, 4‑й і 5‑й Клічаўскіх партызанскіх брыгад. У верасні атрад 277‑ы разгорнуты ў партызанскі полк 277‑ы. У снежні ў ВАГ уключаны партызанскі полк 15‑ы.
Клічаўская ВАГ (у складзе 2 824 партызан) злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г. Кіраўніцтва ВАГ: сакратары Клічаўскага падпольнага райкама КП(б)Б: Я. I. Заяц (ліпень 1943 — май 1944), П. М. Вікторчык (май — чэрвень 1944); камандзіры: I. З. Ізох (ліпень 1943 — май 1944), М. А. Баранаў (май — чэрвень 1944); начальнік штаба М. А. Баранаў (ліпень 1943 — май 1944).