Ко́сава
Горад (гістарычна вядомы таксама як Косаў) у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. За 15 км на паўночны захад ад г. Івацэвічы, за 151 км на паўночны захад ад г. Брэст, за 226 км ад Мінска, 13 км ад чыгуначнай станцыі Косава-Палескае (на лініі Брэст — Баранавічы); аўтадарогамі звязаны з гарадамі Івацэвічы і Бяроза, г. п. Ружаны.
У 1940–1947 гг. цэнтр Косаўскага раёна.
У 1939 г. у Косаве было 3,7 тыс. жыхароў.
На рубяжы Косава — Івацэвічы 25 чэрвеня 1941 г. вялі цяжкія баі часці 30‑й танкавай дывізіі (палкоўнік С. I. Багданаў) 4‑й арміі Заходняга фронту.
Косава акупіравана 26 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 3 112 чалавек (з іх у Косава 1 726 мірных жыхароў), у т. л. 8 ваеннапалонных.
Гітлераўцы ў 1941 г. стварылі ў Косава гета. Вясной — летам 1942 г. ва ўрочышчы Ялаваста каля Косава было расстраляна каля 200 яўрэяў. Ва ўрочышчы Мерачоўшчына каля горада 25 жніўня 1942 г. было загублена 1,4 тыс. (па іншых звестках, больш за 3 тыс.) вязняў. У верасні 1942 г. у напрамку да чыгуначнай станцыі непадалёк ад Косава было забіта 200 яўрэяў.
У Косаве і раёне дзейнічалі: Косаўская раённая антыфашысцкая арганізацыя, Косаўскі падпольны райкам КП(б)Б і Косаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» (Брэсцкай і Пінскай абласцей, камандзір М. У. Бабкоў), партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага (Брэсцкай вобласці), партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Брэсцкай вобласці), партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Мінскай і Брэсцкай абласцей), партызанская брыгада 8‑я, партызанская брыгада 99‑я імя Д. Ц. Гуляева, партызанскі атрад імя М. А. Шчорса, партызанскі атрад імя М. І. Кутузава (Брэсцкай вобласці), партызанскі атрад імя Р. І. Катоўскага (2‑га складу), партызанскі атрад імя В. І. Чапаева (Брэсцкай вобласці), партызанскі атрад імя К. Я. Варашылава (Брэсцкай вобласці, камандзір І. С. Зайкоў), партызанскі атрад I. П. Топкіна, партызанскі атрад «Храбрацы».
У ноч на 3 жніўня 1942 г. партызаны разграмілі ў Косаве гарнізон ворага і амаль месяц утрымлівалі горад (гл. Косаўскі бой 1942 г.).
Косава вызвалена 11 ліпеня 1944 г. войскамі 19‑й механізаванай брыгады (палкоўнік У. В. Яршоў) і 75‑га самаходна-артылерыйскага палка (падпалкоўнік П. Я. Карпенка) 28‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе наступлення на баранавіцка-брэсцкім напрамку.
У Косаве знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан; магіла кіраўніка Косаўскага раённага антыфашысцкага камітэта М. Ф. Трынды і партызана У. I. Палешчука; магіла маёра Чырвонай арміі А. С. Бяззубава, які загінуў пры вызваленні Косава ў ліпені 1944 г.; магіла ахвяр фашызму ва ўрочышчы Мерачоўшчына (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
помнік у гонар Косаўскага бою 1942 г.;
памятны знак ахвярам фашызму ва ўрочышчы Ялаваста;
мемарыяльная дошка на доме, у якім праходзілі пасяджэнні антыфашысцкага камітэта; мемарыяльная дошка на доме, дзе жыў протаіерэй В. Ф. Антонік, які ўратаваў жыхароў Косава ад расстрэлу ў верасні 1942 г.