Дата стварэння: 14.04.2023 11:09:33
Дата змены: 18.09.2024 15:08:32
Кру́пкі
Горад, цэнтр Крупскага раёна Мінскай вобласці, на р. Бобр. За 120 км на паўночны ўсход ад Мінска, 6 км ад чыгуначнай станцыі Крупкі (на лініі Мінск — Масква); на аўтадарозе Мінск — Масква.
У 1938–1991 гг. гарадскі пасёлак.
У 1939 г. у Крупках было 3 455 жыхароў.
Крупкі акупіраваны 1 ліпеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Крупскім раёне загінуў 3 531 чалавек, у т. л. 18 верасня 1941 г. у гета ў Крупках 1 975 чалавек.
На тэрыторыі раёна дзейнічалі: Крупскі падпольны райкам КП(б)Б і Крупскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 1‑я, партызанская брыгада 1‑я Клічаўская, партызанская брыгада 1‑я Смаленская, партызанская брыгада 3‑я, партызанская брыгада 5‑я, партызанская брыгада 8‑я Круглянская, партызанская брыгада М. П. Гудкова, партызанская брыгада імя С. М. Кірава (Мінскай вобласці, камандзір Ф. Ц. Пуставіт), партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Мінскай вобласці, камандзір Ф. С. Харланаў), партызанская брыгада 1‑я Беларуская (2‑га складу), партызанская брыгада 2‑я Беларуская імя П. К. Панамарэнкі (2‑га складу), партызанская брыгада 2‑я імя К. С. Заслонава, партызанская брыгада Лёзненская і партызанская брыгада Чашніцкая «Дубава», партызанскі полк 208‑ы імя І. В. Сталіна, партызанскі полк 255‑ы, партызанскі полк 277‑ы, партызанскі полк «Трынаццаць», партызанскі атрад 8‑ы, партызанскі атрад 24‑ы, партызанскі атрад 28‑ы, партызанскі атрад 30‑ы, партызанскі атрад 252‑і, партызанскі атрад 257‑ы, партызанскі атрад 258‑ы, партызанскі атрад «Слаўны», партызанскі атрад «Трэція», партызанскі атрад А. Я. Васілеўскага, партызанскі атрад «Артур», партызанскі атрад I. А. Яраша; выдавалася падпольная газета «Партизанский путь», орган Крупскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Крупкі вызвалены 28 чэрвеня 1944 г. воінамі 3‑й (палкоўнік К. А. Грыцэнка) і 18‑й (падпалкоўнік В. I. Есіпенка) гвардзейскіх танкавых брыгад, 2‑й гвардзейскай мотастралковай брыгады (падпалкоўнік К. А. Андронаў) 3‑га гвардзейскага танкавага корпуса 5‑й гвардзейскай танкавай арміі 3‑га Беларускага фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 г.
У Крупках знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў (сярод пахаваных Герой Савецкага Саюза Я. Д. Бяляеў); партызан (сярод пахаваных Герой Савецкага Саюза А. Ф. Колесава); савецкіх воінаў, партызан і ахвяр фашызму; магіла партызанкі Н. С. Гвоздзевай, якая загінула ў баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў чэрвені 1944 г.; магіла ахвяр фашызму каля в. Лебедзева Крупскага раёна на месцы расстрэлу вязняў гета (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
мемарыял землякам — воінам Чырвонай арміі, партызанам і падпольшчыкам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны (у цэнтры размешчаны валун, па баках — 4 стэлы, на якія нанесены імёны 394 землякоў);
помнік Герою Савецкага Саюза А. Ф. Колесавай;
помнік Герою Савецкага Саюза У. М. Марцінкевічу.