Дата стварэння: 14.04.2023 11:11:22
Дата змены: 16.09.2024 10:56:58
Ле́пель
Горад, цэнтр Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, на беразе возера Лепельскае. За 110 км на паўднёвы захад ад г. Віцебск, за 157 км ад Мінска. Чыгуначная станцыя (на лініі Орша — Лепель). Звязаны аўтадарогамі з гарадамі Віцебск, Орша і Докшыцы, аграгарадком Ула (на шашы Мінск — Полацк).
У 1939 г. у Лепелі было 13 784 жыхары.
Паводле загаду камандуючага Заходнім фронтам ад 28 чэрвеня 1941 г. у раёне Лепеля быў створаны абарончы рубеж з мэтай зрыву наступлення нямецкай 3‑й танкавай групы Г. Гота на лепельскім напрамку і ліквідацыі пагрозы фарсіравання ёю з ходу р. Дняпро. Абарона горада ўскладалася на лепельскую групу войск у складзе мясцовага гарнізона, Лепельскага мінамётнага і Вільнюскага пяхотнага вучылішчаў, 103‑га асобнага процітанкавага дывізіёна, а таксама 58‑га асобнага сапёрнага батальёна, які ў раёне Лепеля падрыхтаваў да падрыву ўсе масты, паставіў міны на дарогах. На подступах да горада ішлі жорсткія баі. У сувязі з пагрозай захопу мастоў праціўнікам воіны 169‑га асобнага сапёрнага батальёна (маёр Л. Н. Афанасьеў), які дзейнічаў у якасці атрада загараджэння, па загадзе начальніка лепельскага гарнізона генерал-маёра Б. Р. Церпілоўскага ў ноч на 3 ліпеня спалілі або ўзарвалі ўсе масты, калі на іх з’явіліся першыя нямецкія танкі з 3‑й танкавай групы, прыпыніўшы наступленне ворага.
Лепель акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі 3 ліпеня 1941 г. Часці 20‑й арміі Заходняга фронту 6–10 ліпеня 1941 г. нанеслі т. зв. Лепельскі контрудар 1941 г. у напрамку Лепеля (вызвалены 7 ліпеня) і г. Сянно з мэтай разгрому лепельскай групоўкі праціўніка; на лепельскім напрамку ў ходзе баёў знішчылі нямецкую матарызаваную дывізію, да 40 гармат, вялікую колькасць транспартных сродкаў гітлераўцаў, што знізіла іх тэмпы прасоўвання на ўсход.
Лепель быў зноў заняты ворагам 10 ліпеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 5 229 чалавек, у т. л. больш за 1 тыс. вязняў гета ў Лепелі, якія былі расстраляны 28 лютага 1942 г. каля в. Чарнаручча Лепельскага раёна (па розных звестках, на гэтым месцы ў 1941–1944 было загублена 1,5 тыс. або больш за 2 тыс. савецкіх грамадзян). Масавыя расстрэлы ў раённым цэнтры адбываліся таксама каля гарадскога саду «Дынама» (1 тыс. чалавек у 1941–1942) і на яўрэйскіх могілках (1 тыс. чалавек у 1942).
У Лепелі і раёне дзейнічалі: Лепельскае партыйна-камсамольскае падполле, Лепельскі падпольны райкам КП(б)Б і Лепельскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада М. П. Гудкова, партызанская брыгада імя В. І. Чапаева (Віцебскай вобласці), партызанская брыгада Чашніцкая «Дубава», партызанская брыгада Сенненская, партызанская брыгада Лёзненская, партызанская брыгада Лепельская імя І. В. Сталіна, партызанская брыгада 1‑я Беларуская (2‑га складу), партызанская брыгада 2‑я Ушацкая імя П. К. Панамарэнкі, партызанская брыгада 1‑я Смаленская, партызанская брыгада Багушэўская (2‑га складу), партызанская брыгада 2‑я імя К. С. Заслонава, партызанская брыгада 1‑я Антыфашысцкая і партызанская брыгада «Чэкіст», партызанскі атрад В. В. Шчарбіны, партызанскі атрад 1‑ы, партызанскі атрад 5‑ы, партызанскі атрад 10‑ы і партызанскі атрад 20‑ы; выдавалася падпольная газета «Калгасная праўда», орган Лепельскага подпольнага райкама КП(б)Б. Частка тэрыторыі Лепельскага раёна ўваходзіла ў Полацка-Лепельскую партызанскую зону.
У кастрычніку 1943 г. у час Лепельскай аперацыі 1943 г. партызаны ўдарылі па добра ўмацаваным нямецка-фашысцкім гарнізоне ў Лепелі, нанеслі ворагу значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы (гл. Лепельскі бой 1943 г.).
Лепель вызвалены 28 чэрвеня 1944 г. воінамі 306‑й (генерал-маёр М. I. Кучаравенка) і 357‑й (генерал-маёр А. Г. Кудраўцаў) стралковых дывізій 1‑га стралковага корпуса, 10‑й (палкоўнік М. У. Волкаў) і 39‑й (палкоўнік I. П. Калінін) гвардзейскіх танкавых брыгад, 1203‑га самаходнага артылерыйскага палка (падпалкоўнік А. I. Сяроў) 1‑га Прыбалтыйскага фронту, 7‑й гвардзейскай механізаванай брыгады (палкоўнік М. I. Радзівонаў) 3‑га гвардзейскага механізаванага корпуса 3‑га Беларускага фронту пры падтрымцы 3‑й паветранай арміі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 г.
У Лепелі знаходзяцца:
воінскія могілкі былога ваеннага шпіталя; брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан; савецкіх воінаў; магіла партызан А. А. Марунькі і Д. Ц. Караленкі; магіла Героя Савецкага Саюза А. Ф. Данукалава (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
помнік Вызвалення;
помнік савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам;
помнік-капліца вязням перасыльнага лагера ваеннапалонных;
памятны знак ахвярам фашызму на месцы масавых расстрэлаў;
мемарыяльныя дошкі падпольшчыкам, партызанцы В. А. Маргевіч, Герою Савецкага Саюза П. У. Ялугіну;
магіла ахвяр фашызму — вязняў гета, каля в. Чарнаручча.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 красавіка 2010 г. № 189 горад Лепель узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».