pdf

ЛОЕЎ

Дата стварэння: 14.04.2023 11:12:49

Дата змены: 23.10.2025 14:39:55


location Google location Yandex

Лоеў (брацкая магіла)


Ло́еў

Гарадскі пасёлак, цэнтр Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці, прыстань на р. Дняпро (Днепр) у вусці р. Сож. За 86 км на поўдзень ад г. Гомель, за 310 км ад Мінска, 60 км ад чыгуначнай станцыі Рэчыца (на лініі Гомель — Калінкавічы); аўтадарогамі звязаны з г. Рэчыца і г. п. Брагін.

У 1939 г. у Лоеве было 4 528 жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У ліпені — жніўні 1941 г. каля Лоева праходзіла лінія фронту, у жніўні 1941 г. абарону ў гэтым раёне трымалі часці 3‑й арміі Цэнтральнага фронту (1‑га фарміравання).

Лоеў акупіраваны 26 жніўня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гарадскім пасёлку і раёне загінула 1 635 чалавек, у т. л. 404 ваеннапалонныя. У канцы жніўня 1941 г. гітлераўцы забілі ў Лоеве 5 яўрэяў; у жніўні 1942 г. у супрацьтанкавым рове каля Лоева было расстраляна 16 чалавек (у т. л. жанчыны-беларускі, якія выйшлі замуж за яўрэяў, і іх дзеці); у канцы кастрычніка 1942 г. з райцэнтра былі адпраўлены ў канцлагер каля Гомеля і там загублены 150 яўрэяў.

У раёне дзейнічалі: Лоеўскі падпольны райкам КП(б)‌Б і Лоеўскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада Лоеўская «За Радзіму», партызанская брыгада «Бальшавік»; выходзіла падпольная газета «Наша перамога», орган Лоеўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

У час рэйду з Бранскіх лясоў у Правабярэжную Украіну ў ноч на 7 лістапада 1942 г. партызаны злучэнняў С. А. Каўпака і А. М. Сабурава разам з беларускімі партызанамі захапілі пераправу цераз Дняпро каля Лоева, разграмілі нямецка-фашысцкі гарнізон у пасёлку і занялі Лоеў. Удзень 7 лістапада адбыліся мітынг і парад партызан у гонар 25‑й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Гітлераўцы падцягнулі рэзервы і намерваліся выбіць партызан з гарадскога пасёлка, скінуць іх у Дняпро; 8–9 лістапада адбываліся жорсткія баі з карнікамі. У час бою 8‑ы партызанскі батальён здзейсніў абходны манеўр і з поўдня ад Лоева нанёс з тылу раптоўны ўдар па ворагу, які наступаў на пасёлак. За два дні баёў праціўнік страціў 14 машын, 5 бронемашын, больш за 200 салдат і афіцэраў забітымі і параненымі і вымушаны быў адступіць. Насельніцтва Лоева дапамагло ўкраінскім партызанам пераправіцца на правы бераг Дняпра, многія жыхары гарадскога пасёлка папоўнілі рады народных мсціўцаў.

Лоеў вызвалены 17 кастрычніка 1943 г. воінамі 69‑й (генерал-маёр I. А. Кузаўкоў), 106‑й (палкоўнік М. М. Уласаў), 193‑й (палкоўнік А. Р. Фралянкоў), 246‑й (палкоўнік М. Г. Фядосенка) стралковых дывізій, 115‑й асобнай стралковай брыгады (генерал-маёр I. I. Санкоўскі) 65‑й арміі Цэнтральнага фронту (2‑га фарміравання) і партызанамі брыгады Лоеўскай «За Радзіму» (камандзір Р. I. Сінякоў) у ходзе бітвы за Дняпро 1943 г.

У Лоеве знаходзяцца:

  • брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан (сярод пахаваных — Героі Савецкага Саюза Х. Ш. Агліулін, П. А. Акуцыёнак, М. Р. Апарын, Е. Д. Волкаў, І. М. Карачараў, Б. А. Царыкаў, М. А. Шавялёў); савецкіх воінаў; магіла Героя Савецкага Саюза А. В. Казлова; магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);

  • помнік у гонар савецкіх воінаў і партызан — вызваліцеляў Лоева (Манумент Славы);

  • помнік ахвярам фашызму.

У 2015 г. цэнтральная плошча Лоева пераўтворана ў мемарыяльны комплекс «Бітва за Днепр», у склад якога ўвайшлі брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, Манумент Славы, Алея Герояў, пляцоўкі ваеннай тэхнікі.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г. № 355 гарадскі пасёлак Лоеў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».


Літаратура
  1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985.

  2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 4: Кадэты—Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997.

  4. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 10 т. Т. 2: Кн 2: Гомельская вобласць / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.

  5. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лоеўскага раёна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2000.

  6. Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995.

  7. Памяць Беларусі. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.

  8. Численность населения СССР на 17 января 1939 года. По районам, районным центрам, городам, рабочим посёлкам и крупным сельским населённым пунктам. – Москва: Госпланиздат, 1941.

  9. Свидетельствуют палачи: уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941–1944 гг.: документы и материалы / сост.: В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь, 2009.

  10. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; Москва: Фонд «Историческая память», 2021.

  11. Холокост в Беларуси: трагедия и память: документы и материалы / сост.: В. Д. Селеменев (руководитель) [и др.]. – Минск: Колорград, 2022.

  12. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) / А. Л. Манаенков (руководитель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1983.

  13. Шомоди В. Э. Маршрутами народной славы: учебное пособие для педагогов и воспитателей. – Минск: Университетское, 2001.

  14. Смиловицкий Л. Л. Евреи Беларуси в годы Холокоста: Сборник избранных статей. – Тель-Авив: б. и. 2021.

  15. Ботвинник М. Б. Памятники геноцида евреев Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2000.

  16. Винница Г. Р. Холокост на оккупированной территории Восточной Белоруссии в 1941– 1944 годах: монография. – Минск: Ковчег, 2014.