Дата стварэння: 14.04.2023 11:13:20
Дата змены: 12.11.2024 09:31:49
Лю́банскі бой 1941 г.
Бой партызан Любанскага pаёна супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у г. п. Любань 7 лістапада 1941 г. Мінскі падпольны абкам КП(б)Б напярэдадні 24‑й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі распрацаваў план разгрому фашысцкага гарнізона ў Любані. Былі ўлічаны даныя разведкі аб колькасці і ўзбраенні гарнізона, размяшчэнні яго асноўных сіл.
У аперацыі ўдзельнічала 5 партызанскіх груп, якія ўзначальвалі А. I. Далідовіч, М. М. Розаў, А. I. Патрын, А. I. Мілевіч, Г. М. Сталяроў, 2 штурмавыя групы, група гранатамётчыкаў і 2 групы прыкрыцця, якія павінны былі спыніць дадатковыя сілы праціўніка, што рухаліся з г. Слуцк і г. п. Урэчча. Напярэдадні аперацыі ўдалося нейтралізаваць любанскую паліцыю. Бясшумна зняўшы вартавых на мосце цераз р. Арэса, партызаны раптоўна ўварваліся ў Любань і атакавалі будынак, дзе знаходзілася больш за 40 гітлераўцаў. Бой працягваўся каля дзвюх гадзін.
Партызаны поўнасцю разграмілі гарнізон, знішчылі каля 40 фашыстаў, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і адзення. У баі загінуў партызанскі кулямётчык А. Бяляўскі.
У памяць пра бой у 1972 г. у Любані ўстаноўлена мемарыяльная дошка.