pdf

ЛЮБЧАНСКІЯ БАІ 1944 г.

Дата стварэння: 14.04.2023 11:13:56

Дата змены: 11.09.2024 14:55:54

Любча́нскія баі́ 1944 г.

Баі партызанскай брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. п. Любча (цяпер у Навагрудскім раёне) 3 і 6–8 ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Нямецка-фашысцкі гарнізон у Любчы (каля 450 гітлераўцаў) прыкрываў адступленне разбітых Чырвонай арміяй гітлераўскіх войск. Камандаванне партызанскай брыгады распрацавала план па захопе гарнізона. Партызаны 3 ліпеня 1944 г. штурмам авалодалі гapадскім пасёлкам, знішчылі 17 і ўзялі ў палон каля 200 гітлераўцаў, захапілі 7 ручных кулямётаў, мінамёт, 13 аўтаматаў, 220 вінтовак, 60 тыс. патронаў і шмат харчавання. Выбітыя з пасёлка гітлераўцы пачалі канцэнтраваць сабраныя з тэрыторыі Любчанскага і Навагрудскага раёнаў сілы ў в. Нягневічы (Любчанскі pаён) з мэтай авалодаць пасёлкам, прыціснуць партызан да р. Нёман, знішчыць іх і забяспечыць прарыў разбітым вайсковым часцям цераз Налібоцкую пушчу на г. Ліда.

Гітлераўскія войскі (каля 3 тыс. чалавек) пры падтрымцы танкаў і артылерыі 6 ліпеня 1944 г. пачалі наступленне з трох напрамкаў (ад вёсак Слабада, Ачукевічы, Галынь). Партызаны (каля 800 чалавек), узброеныя 45‑міліметровай гарматай, процітанкавым ружжом, 5 мінамётамі, 5 станковымі і 46 ручнымі кулямётамі, 7 гадзін вялі няроўны бой з праціўнікам. Пры падтрымцы танкаў гітлераўцы некалькі разоў пераходзілі ў атаку з мэтай адрэзаць партызан ад пераправы цераз Нёман. Каб пазбегнуць акружэння, брыгада была вымушана пакінуць Любчу і арганізавана адысці на новыя пазіцыі. Партызаны знішчылі каля 300 і паранілі больш за 300 салдат праціўніка, падбілі і знішчылі 3 танкі, 2 броне- і 4 аўтамашыны. Пасля двух дзён жорсткіх баёў з гітлераўскімі войскамі, якія прарываліся на Ліду, 8 ліпеня 1944 г. партызаны зноў захапілі Любчу і ўтрымлівалі яе да падыходу Чырвонай арміі.

У баях загінулі 14 партызан.