Дата стварэння: 22.10.2024 14:36:17
Дата змены: 15.05.2025 15:02:01
Партыза́нская гру́па «Сто́йкія»
Спецгрупа Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі (НКДБ) БССР.
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ваўкавыскага, Крынкаўскага і Свіслацкага раёнаў Беластоцкай вобласці.
Група сфарміравана ў савецкім тыле ў складзе васьмі чалавек і 6 кастрычніка 1943 г. перапраўлена за лінію фронту. Базіравалася ў в. Вялікія Грынкі Свіслацкага раёна.
Спецгрупай атрымана каштоўная інфармацыя аб воінскіх гарнізонах гарадоў Ваўкавыск і Беласток, звесткі аб некаторых польскіх узброеных фарміраваннях. Удзельнікі спецгрупы аказвалі пастаянную дапамогу партызанам у выяўленні варожай агентуры, якая была заслана ў атрады.
Байцы групы пусцілі пад адхон 3 варожыя эшалоны, разбілі 11 аўтамабіляў, матацыклаў, узарвалі 7 аўтамабільных мастоў на шашы Ваўкавыск — Беласток, вадакачку ў г. п. Свіслач.
Група злучылася з часцямі Чырвонай арміі 18 ліпеня 1944 г., на той момант уключала 23 чалавекі.
Камандзіры: I. Г. Паваразнюк (загінуў), К. А. Груздзеў.