Дата стварэння: 05.05.2023 11:07:32
Дата змены: 24.03.2026 10:38:10
Бабру́йскі падпо́льны міжрайка́м КП(б)Б
Бабруйскі падпольны міжраённы камітэт КП(б)Б.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Асіповіцкага, Бабруйскага, Бярэзінскага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны 11 жніўня 1942 г. на базе арганізатарскай групы І. М. Кардовіча рашэннем Цэнтральнага камітэта КП(б)Б, працаваў пад яго кіраўніцтвам.
Узяў на сябе кіраўніцтва падпольнымі партыйнымі арганізацыямі ў сваёй зоне дзейнасці, у т. л. Бабруйскім партыйна-камсамольскім падполлем, узначаліў разгортванне партызанскага руху і актывізацыю баявых дзеянняў партызанскіх атрадаў.
Міжрайкам стварыў Бабруйскі падпольны райкам КП(б)Б і Кіраўскі падпольны райкам КП(б)Б, зацвердзіў Асіповіцкі падпольны райкам КП(б)Б і Бярэзінскі падпольны райкам КП(б)Б [гл. таксама Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б], пасля чаго спыніў сваю дзейнасць. Сакратар міжрайкама І. М. Кардовіч быў зацверджаны ЦК КП(б)Б упаўнаважаным ЦК КП(б)Б па Магілёўскай вобласці.
Скасаваны 4 лістапада 1942 г.
Сакратар міжрайкама І. М. Кардовіч; члены міжрайкама: Я. І. Заяц (камісар партызанскага атрада 278‑га), І. А. Матыль (сакратар Магілёўскага падпольнага абкама ЛКСМБ і сакратар Бабруйскага падпольнага міжрайкама ЛКСМБ), К. М. Якаўлеў (у красавіку — верасні 1942 камісар Клічаўскага аператыўнага цэнтра і адначасова камісар партызанскага атрада 208‑га, гл. Партызанскі полк 208‑ы імя І. В. Сталіна; у далейшым у Чырвонай арміі).