Дата стварэння: 05.05.2023 11:14:34
Дата змены: 11.09.2024 14:47:18
Ві́цебска-Арша́нская апера́цыя 1944 г.
Наступальная аперацыя ў час Вялікай Айчыннай вайны войск 1‑га Прыбалтыйскага (генерал арміі I. X. Баграмян) і 3‑га Беларускага (генерал-палкоўнік, з 26.6.1944 генерал арміі I. Д. Чарняхоўскі) франтоў 23–28 чэрвеня 1944 г.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 г. Мэта — разгром левага крыла (3‑я танкавая і 4‑я палявая арміі) нямецка-фашысцкай групы армій «Цэнтр» (генерал-фельдмаршал Э. Буш).
Удзельнічалі арміі: 6‑я гвардзейская (генерал-лейтэнант I. М. Чысцякоў), 43‑я (генерал-лейтэнант А. П. Белабародаў), 39‑я (генерал-лейтэнант I. I. Люднікаў), 5‑я (генерал-лейтэнант М. I. Крылоў), 11‑я гвардзейская (генерал-лейтэнант К. М. Галіцкі), 31‑я (генерал-лейтэнант В. В. Глаголеў), 5‑я гвардзейская танкавая (маршал бранятанкавых войск П. А. Ротмістраў); 1‑ы танкавы корпус (генерал-лейтэнант В. В. Буткоў). Дзеянні сухапутных войск падтрымлівалі 3‑я (генерал-лейтэнант авіяцыі М. П. Папівін) і 1‑я (генерал-лейтэнант авіяцыі М. М. Громаў) паветраныя арміі. Каардынаваў дзеянні франтоў Маршал Савецкага Саюза А. М. Васілеўскі. Войскам ставілася задача разграміць групоўкі праціўніка: віцебска-лепельскую і авалодаць раёнам Лепель — Чашнікі; віцебскую і вызваліць г. Віцебск; аршанскую і вызваліць г. Орша, выйсці да р. Бярэзіна. Нямецкае камандаванне надавала выключнае значэнне абароне Віцебска-Аршанскага раёна. Тут быў створаны магутны абарончы рубеж глыбінёю 20–45 км пад умоўнай назвай «Пантэра» (частка «Усходняга вала») з выкарыстаннем умоў лясіста-балоцістай мясцовасці і шматлікіх рэк з шырокімі забалочанымі поймамі; у вузлы абароны былі ператвораны Віцебск, Орша, іншыя населеныя пункты. Напярэдадні наступлення галоўнымі сіламі франтоў 22 чэрвеня была праведзена разведка боем, а ў ноч на 23 чэрвеня — папярэдняя авіяцыйная падрыхтоўка.
Раніцай 23 чэрвеня пасля артылерыйскай падрыхтоўкі пачалося наступленне. Войскі 6‑й гвардзейскай і 43‑й армій 1‑га Прыбалтыйскага фронту прарвалі абарону праціўніка на паўночным захадзе ад Віцебска, 23 чэрвеня вызвалілі г. п. Шуміліна, 24 чэрвеня каля Бешанковічаў фарсіравалі р. Заходняя Дзвіна, стварылі на яе левым беразе некалькі плацдармаў і, расшыраючы іх, 25 чэрвеня вызвалілі гарадскі пасёлак. Войскі 39‑й і 5‑й армій 3‑га Беларускага фронту прарвалі абарону на паўднёвым усходзе ад Віцебска. У ноч на 25 чэрвеня войскі сумежных 43‑й і 39‑й армій злучыліся каля в. Гняздзілавічы (цяпер Гняздзілава), утварыўся т. зв. віцебскі «кацёл», у які трапіла 5 дывізій 3‑й нямецкай танкавай арміі; да 27 чэрвеня яны былі разгромлены; 26 чэрвеня вызвалены Віцебск.
Адначасова войскі левага крыла 3‑га Беларускага фронту — 11‑я гвардзейская і 31‑я арміі — пераадольвалі ўпартае супраціўленне ворага на аршанскім напрамку, у ходзе наступлення 26 чэрвеня вызвалілі г. Дуброўна. У паласе дзеянняў 5‑й арміі ў прарыў фронту праціўніка былі ўведзены конна-механізаваная група (генерал-лейтэнант М. С. Аслікоўскі) у раёне Багушэўска (25 чэрвеня вызвалены г. п. Багушэўск і г. Сянно) і 5‑я гвардзейская танкавая армія ў раёне Барысава, у раёне в. Клюкаўка — 2‑і гвардзейскі танкавы корпус (генерал-маёр А. С. Бурдзейны). Пятая гвардзейская танкавая армія і 2‑і гвардзейскі танкавы корпус перарэзалі чыгунку і шашу Масква — Мінск у раёне Пагост — Талачын (26 чэрвеня вызвалены г. п. Талачын), чым стварылі пагрозу акружэння аршанскай групоўкі праціўніка. Адзінаццатая гвардзейская і 31‑я арміі 27 чэрвеня вызвалілі Оршу. Працягваючы наступленне, 27 чэрвеня савецкія войскі вызвалілі г. п. Чашнікі. Да 28 чэрвеня войскі 1‑га Прыбалтыйскага фронту выйшлі на рубеж за 30 км на паўднёвы ўсход ад Полацка — Лепеля (28 чэрвеня вызвалілі г. Лепель). Войскі 3‑га Беларускага фронту выйшлі да Бярэзіны на поўначы ад Барысава. У выніку аперацыі савецкія войскі прасунуліся на 80–150 км, стварылі ўмовы для паспяховага наступлення ў напрамках на Мінск і Прыбалтыку. У аперацыі ўдзельнічалі партызанскія брыгады 2‑я імя К. С. Заслонава, 1‑я Смаленская і інш.
Ганаровае найменне прысвоена злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі: 62 — «Віцебскія», 41 — «Аршанскія».