pdf

«ГЕРМАН»

Дата стварэння: 05.05.2023 11:25:48

Дата змены: 11.09.2024 16:07:05

«Ге́рман» («Herman»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан i мясцовага насельніцтва ў Валожынскім, Івянецкім, Любчанскім, Навагрудскім, Юрацішкаўскім раёнах Баранавіцкай вобласці (цяпер тэрыторыя Гродзенскай і Мінскай абласцей) 1 ліпеня — 11 жніўня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася ўслед за аперацыяй «Гюнтэр» сіламі 1‑й матарызаванай брыгады СС, 31‑га, 2‑га і 34‑га паліцэйскіх палкоў, асобага батальёна СС О. Дырлевангера, трох батальёнаў вермахта, чатырох паліцэйскіх батальёнаў, пяці жандарскіх, грэнадзёрскіх i артылерыйскіх узводаў, падраздзяленнямі начальніка паліцыі бяспекі і СД Беларусі оберштурмбанфюрара СС Э. Штраўха (каманды СД 1‑я, 2‑я, 3‑я са Слуцка), спецыяльнымі падраздзяленнямі гаўптштурмфюрара СС Вільке з Мінска. Усяго для наступлення акупанты сканцэнтравалі больш за 50 тыс. салдат i афіцэраў. Для вывазу насельніцтва, нарабаванай жывёлы, сельгаспрадукцыі i маёмасці прыцягваліся спецыяльныя каманды Баранавіцкага гебітскамісарыята, упаўнаважаныя гаспадарчай інспекцыі «Усход». Агульнае кіраўніцтва аперацыяй «Герман» ажыццяўляў групенфюрар СС i генерал-лейтэнант паліцыі К. фон Готберг, які ў загадзе на аперацыю ад 7 ліпеня 1943 г. патрабаваў партызанскія фарміраванні «знішчыць, ix лагеры разбурыць, запасы забраць. Рэквізіцыі прадуктаў і мабілізацыі рабочай сілы праводзіць па ўзгадненні з гебітскамісарам».

Маючы колькасную перавагу, гітлераўцы шчыльна блакіравалі раён аперацыі па рубяжах партызанскай абароны — рэкі Іслач, Бярэзіна, Нёман, Сула — i 13–15 ліпеня пачалі наступленне ад гарадоў Ліда, Навагрудак, Баранавічы на ўсход ад г. п. Заслаўе Мінскай вобласці, г. Валожын Баранавіцкай вобласці (цяпер Мінскай), станцыі Багданаў Валожынскага раёна на чыгунцы Маладзечна — Ліда на паўднёвы захад, ад гарадоў Дзяржынск Мінскай вобласці i Стоўбцы Баранавіцкай вобласці (цяпер Мінскай) на паўночны захад.

У блакіраванай акупантамі Івянецка-Налібоцкай партызанскай зоне дыслацыраваліся партызанскія брыгады імя Г. К. Жукава, імя С. М. Кірава, імя І. В. Сталіна, імя В. П. Чкалава, Першамайская i асобна дзейныя атрады імя Аляксандра Неўскага, «Бальшавік», імя Р. І. Катоўскага, імя М. І. Кутузава, імя В. П. Чкалава, кавалерыйскі атрад Д. А. Дзенісенкі. Агульнае кipaўніцтва зонай ажыццяўляў Баранавіцкі падпольны абкам КП(б)‌Б на чале з В. Я. Чарнышовым («Бацька Платон»).

У самым пачатку баявых дзеянняў партызаны атрада «Бальшавік» разграмілі з засады варожую аўтакалону i захапілі дакументы, сярод якіх былі загад на аперацыю «Герман» i штабная карта. Была зроблена перагрупоўка партызанскіх сіл. На ўcix напрамках вораг сустрэў стойкае супраціўленне i панёс значныя страты. У ходзе бязлітасных баёў, якія працягваліся 35 дзён, праціўнік быў вымушаны двойчы змяняць (18 i 25 ліпеня) i выдаваць дадатковыя загады на аперацыю «Герман». Умелым манеўрам партызаны выйшлі з-пад удараў гітлераўцаў разам з часткай насельніцтва зоны. У выніку аперацыі 130 партызан загінулі, каля 50 былі паранены.

У раёне аперацыі i часткова ў глыбіні партызанскай зоны гітлераўцы загубілі 4 280 савецкіх грамадзян, 654 чалавекі былі аддадзены на расправу паліцыі бяспекі i СД. Для ўгону на нацысцкую катаргу карнікі захапілі 20 944 чалавекі, у т. л. 4 173 дзіцяці, поўнасцю рэквізавалі жывёлу, спалілі больш за 150 вёсак. У справаздачы кіраўніка карнай экспедыцыі гаварылася: «...да 6.8.1943 поўнасцю завершана эвакуацыя з раёна Ярэмічы — Старшчына — Карашчэты — Рудня — Пяршаі — Жартовічы — Паташня — Дзяляцічы — Купіск… населеныя пункты, сельскагаспадарчыя і iншыя пабудовы спалены або знішчаны...» Садысты з батальёна СС О. Дырлевангера, паліцэйскіх батальёнаў i групы СД гвалтавалі, а потым вешалі або расстрэльвалі дзяўчат i маладых жанчын, спальвалі вёскі разам з жыхарамі, у т. л. у Валожынскім раёне вёскі Даўгулёўшчына, Доры (спалена ў царкве 146 чалавек), Дубоўцы (45 чалавек), Мішаны (43 чалавекі), Палубоўцы (21 чалавек), Сярэдняе Сяло (70 чалавек) i iнш.