ЗВЯЗДА, рэспубліканская газета, у Вялікую Айчынную вайну орган Мінскага падпольнага гаркама і абкама КП(б)‌Б
pdf

«ЗВЯЗДА»

Дата стварэння: 05.05.2023 11:57:06

Дата змены: 12.11.2024 09:34:08


«Звязда́»

Грамадска-палітычная штодзённая газета, орган Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. З 2012 г. уваходзіць у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом “Звязда”».

Заснавана 27 ліпеня (9 жніўня) 1917 г., орган Мінскага камітэта РСДРП(б). У верасні — лістападзе 1917 г. выходзіла пад назвамі «Молот», «Буревестник». З верасня 1920 г. орган ЦК КП(б)‌Б. Першапачаткова выходзіла на рускай мове, з 1925 г. матэрыялы друкаваліся на рускай і беларускай мовах, са жніўня 1927 г. — на беларускай мове.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны выдавалася ў Мінску, потым у гарадах Магілёў і Гомель (да 13.8.1941). У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў маі — верасні 1942 г. пачала выходзіць нелегальна ў Мінску як орган Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б. За гэты перыяд вядомы 4 нумары.

Першы нумар газеты за 18 мая 1942 г. (перавыдадзены ў чэрвені 1942) набраны ў нямецкай друкарні Дома друку Б. Пупко і М. І. Свірыдавым, затым вынесены па частках і надрукаваны на канспіратыўнай кватэры М. П. Воранава і М. М. Воранава (тагачасная вул. Шорная, д. 9, цяпер вул. Караля). Тыраж 2,5 тыс. экзэмпляраў. Рэдактар першага нумара газеты У. С. Амельянюк.

Другі (жнівень 1942), трэці (за 6.9.1942) і чацвёрты (верасень 1942) нумары газеты набраны ў падпольнай друкарні ў пакоі падпольшчыка А. С. Грышына, які пражываў на кватэры ў доме падпольшчыцы Т. Я. Якавенкі (тагачасная вул. Выдавецкая, д. 10, цяпер вул. Кульман). Нумары 2–3 газеты надрукаваны там жа. Чацвёрты нумар газеты надрукаваны на канспіратыўнай кватэры Пятра Канстанцінавіча Хадасевіча (вул. 3‑я лінія, д. 26, цяпер вул. Беламорская). Тыраж № 2–4 складаў да 3 тыс. экзэмпляраў кожнага нумара. Рэдактар № 2–4 газеты Я. М. Савіцкая.

Падрыхтоўкай і выпускам нумароў кіраваў член Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б В. К. Нікіфараў. У рэдагаванні і падрыхтоўцы артыкулаў прымалі актыўны ўдзел падпольшчыкі Н. А. Карпусенка, У. С. Казачонак і інш. Набіраў газету Х. М. Александровіч. Да друку быў падрыхтаваны № 5 газеты, але не выйшаў з-за масавых арыштаў падпольшчыкаў восенню 1942 г.

Напрыканцы 1942 г. ЦК КП(б)‌Б прыняў рашэнне аднавіць выпуск газеты на акупіраванай тэрыторыі. У якасці органа ЦК КП(б)‌Б і Мінскага падпольнага абкама КП(б)‌Б газета выдавалася з 27 студзеня 1943 г. у Акцябрска-Любанскай партызанскай зоне спачатку ў в. Дварэц (іншая назва вёскі — 6‑я Брыгада) у хаце М. К. Мігун, затым на востраве Зыслаў (Любанскі раён Мінскай вобласці). Рэдактары: М. П. Барашкаў (студзень 1943 — люты 1944), Г. М. Шчарбатаў. Над газетай працавалі таксама даваенны рэдактар любанскай раённай газеты П. Ц. Касцюкавец, журналісты і паліграфісты капаткевіцкай раённай газеты А. Д. Сакевіч, М. Р. Курыка, А. С. Шурпач, Н. А. Цылько. Вядома 88 нумароў за перыяд з 27 студзеня 1943 г. да 30 чэрвеня 1944 г. на беларускай мове.

Газета заклікала беларускі народ шырэй разгортваць падпольную і партызанскую барацьбу ў тыле ворага, бязлітасна змагацца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Змяшчала паведамленні з франтоў, матэрыялы пра баявыя дзеянні партызан. Адыграла выключную ролю ў разгортванні ўсенароднай барацьбы насельніцтва супраць акупантаў.

Пасля вызвалення БССР з 10 ліпеня 1944 г. выдавалася ў Мінску як орган ЦК КПБ, Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР.

Газета ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны (1965).

У гонар падпольнай газеты «Звязда» ў Мінску ўстаноўлены мемарыяльны знак і 2 мемарыяльныя дошкі, у пас. Дварэц Любанскага раёна — мемарыяльная дошка.


Літаратура
  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  2. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліяграфічны паказальнік / склад. В. С. Адамовіч. – Мінск: Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна, 1975.

  3. Газеты Белорусской ССР, 1917–1975: библиографический указатель: в 2 ч. Ч. 1 / сост.: Л. К. Форостяная, К. М. Калугина, Д. Н. Катюшина. – Минск: Дзяржаўная кніжная палата БССР, 1984.

  4. Газеты Беларусі 1776–1975: бібліяграфічны паказальнік / склад.: Л. М. Няхайчык, Ю. А. Ерашэвіч, В. Я. Бакуновіч. – Мінск: Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003.

  5. Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1944): краткие сведения об организации, структуре и составе / ред.: В. Н. Султанов, А. П. Костелецкая. – Минск: Издательство «Беларусь», 1975.

  6. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Любанскага раёна / Рэдкал.: В. А. Сойка [і інш.]. – Мінск: Ураджай, 1996.

  7. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Мінска: у 4 кн. Кн. 4 / Рэдкал.: Л. М. Драбовіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2005.

  8. І паўстаў народ...: факсімільнае выданне падпольных і партызанскіх газет, часопісаў, лістовак перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў / уклад.: А. В. Стэфановіч, В. А. Рабкоў. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.

  9. Павлова С. А. Книга и чтение в жизни партизан Беларуси. – Минск: Белорусский государственный университет культуры и искусств, 2011.

  10. «Звязда»: гісторыя газеты – гісторыя краіны: падарожжа праз стагоддзе / А. Дзядзюля, В. Канюта, В. Целяшук. – Мінск: Выдавецкі дом «Звязда», 2017.

  11. Канюта В. І. Газета «Звязда»: удакладненне гісторыі выдання перыяду Вялікай Айчыннай вайны // Журнал Белорусского государственного университета. Журналистика. Педагогика. Journalism and Pedagogics. Сер. 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. – 2021. – № 1. – С. 82–87.

  12. Подпольная и партизанская печать Беларуси: газеты, листовки, рукописные материалы, стенгазеты / сост.: А. В. Белый, В. Ю. Лысенко. – Минск: Национальная библиотека Беларуси, 2015. – 1CD-ROM.