ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ С. М. КІРАВА, Пінскай вобласці
pdf
ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ С. М. КІРАВА, Пінскай вобласці

Помнік у гонар штаба партызанскай брыгады імя С. М. Кірава і Лунінецкіх падпольных райкамаў КП(б)‌Б і ЛКСМБ у в. Сітніцкі Двор Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ С. М. КІРАВА

Дата стварэння: 05.05.2023 12:06:54

Дата змены: 11.09.2024 14:59:46


Партыза́нская брыга́да імя́ С. М. Кі́рава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Лунінецкага і Ленінскага раёнаў Пінскай вобласці.

Створана ў ліпені 1943 г. на базе атрада імя С. М. Кірава (арганізаваны ў чэрвені 1942 на базе груп А. П. Савіцкага, Ф. Д. Папова, П. М. Тараўкова, Р. І. Шуляка, А. А. Хацкевіча — А. П. Ермакова; да снежня 1942 — атрад «Пятровіча»), з якога былі сфарміраваны атрады «За Радзіму», імя М. І. Калініна, імя І. В. Сталіна, а таксама атрад імя Л. М. Кагановіча, які ў жніўні 1943 г. быў перададзены партызанскай брыгадзе імя В. У. Куйбышава.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначных участках Мікашэвічы — Пінск, Лунінец — Малькавічы і шашэйных дарогах. Падрыўная група атрада імя С. М. Кірава пусціла пад адхон больш за 20 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай. Знішчылі 38 км тэлефонна-тэлеграфных ліній, 90 аўтамашын, патапілі 8 баржаў, паромаў, катэраў, падарвалі 23 чыгуначныя масты. Разам з атрадамі імя М. Ц. Шыша і «Камарова» (В. З. Каржа) разграмілі гарнізоны ворага ў вёсках Лунін, Бастынь, Парахонск (жнівень 1942), Ленін (верасень 1942, гл. Ленінскі бой 1942 г.), на чыгуначнай станцыі Сінкевічы (кастрычнік 1942, гл. Сінкевіцкая аперацыя 1942 г.), дзе знішчылі станцыйную гаспадарку, эшалон з боепрыпасамі (рух спыніўся на 3 тыдні). У студзені — сакавіку 1943 г. вялі баі з карнікамі і выратавалі ад загубы жыхароў вёсак Радзігерава, Флярова, Манасеева, Чарабасава Лунінецкага раёна.

У красавіку — ліпені 1944 г. правялі засадныя баі каля вёсак Сошна, Малькавічы, Задуб’е, Бастынь, Бакінічы, Мелясніца, Красцінава (цяпер аграгарадок Палескі) і інш., мініравалі шляхі адступлення варожых часцей. Удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна». У ліпені 1944 г. ва ўзаемадзеянні з Чырвонай арміяй вялі баі на чыгуначным участку Бастынь — Дзятлавічы.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 8 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «За Радзіму», імя М. І. Калініна, імя І. В. Сталіна, у якіх налічвалася 1 265 партызан.

Камандзіры брыгады: А. П. Савіцкі, Ф. I. Лісовіч; камісары: Ф. І. Лісовіч, Р. П. Швец; начальнік штаба А. I. Кубасаў.

У гонар штаба брыгады і Лунінецкіх падпольных райкамаў КП(б)‌Б і ЛКСМБ ў в. Сітніцкі Двор Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці ў 1984 г. устаноўлены помнік.