Дата стварэння: 05.05.2023 12:08:25
Дата змены: 03.06.2025 10:23:21
Партыза́нскi полк Смале́нскі
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Касплянскага і Дзямідаўскага раёнаў Смаленскай вобласці РСФСР, Сенненскага, Чашніцкага, Талачынскага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці і Куранецкага раёна Вілейскай вобласці БССР.
Створаны ў ліпені 1942 г. на базе арганізатарскай групы I. Ф. Садчыкава і групы партызан, вылучанай з партызанскага злучэння «Баці», уключаў атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і і 4‑ы. У верасні 1942 г. арганізаваны атрад 5‑ы. У кастрычніку ў полк уліўся атрад Н. І. Талеркі (створаны ў канцы 1941 у Багушэўскім раёне), які быў перайменаваны ў 6‑ы, у [кастрычніку] 1942 г. арганізаваны атрад 7‑ы, у лістападзе 1942 г. — атрад 8‑ы, у сакавіку 1943 г. — атрад 9‑ы. У сакавіку 1943 г. атрады былі аб’яднаны ў батальёны. У 1‑ы батальён увайшлі атрады 5‑ы і 8‑ы (з сакавіка 1944 атрад 8‑ы імя П. М. Самойленкі, камандзіра атрада, які загінуў у баі 19.3.1944), у 2‑і батальён —атрады 2‑і, 3‑і і 6‑ы, у 3‑і батальён — атрады 1‑ы, 4‑ы і 7‑ы (з сакавіка 1944 атрад 7‑ы імя Д. Д. Салаўёва, камісара атрада, які загінуў у баі 19.3.1944). У маі 1943 г. арганізаваны атрад 10‑ы, у верасні 1943 г. — атрад 12‑ы. У кастрычніку 1943 г. арганізаваны атрады 13‑ы і 14‑ы, адначасова быў сфарміраваны 4‑ы батальён, у які ўвайшлі атрады 12‑ы, 13‑ы і 14‑ы. У далейшым склад батальёнаў быў зменены.
На тэрыторыі Беларусі полк дзейнічаў з сакавіка 1943 г.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Смаленск — Орша, Віцебск — Смаленск, Віцебск — Орша, Лепель — Орша, Полацк — Маладзечна. Разграмілі гарнізоны ў вёсках Латыгаль (красавік 1943, гл. Латыгальскі бой 1943 г.), Гарывец (жнівень 1943) Сенненскага раёна, Чарэя (кастрычнік 1943) Чашніцкага раёна, разам з іншымі брыгадамі авалодалі г. п. Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943 г.), удзельнічалі ў Лепельскай аперацыі 1943 г.
У красавіку — маі 1944 г. удзельнічалі ў баях супраць карнай экспедыцыі нямецка-фашысцкіх войск на тэрыторыі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны на рубяжы вёсак Заскаркі, Касарэва, Белы Двор, Кунцэвічы, утрымлівалі абарону ў раёне азёр Канашы — Усомля, вёсак Труды — Хоцевічы (Хоццевічы) Ветрынскага раёна. У маі прарвалі варожую абарону на рубяжы вёсак Maтырына — Новае Сяло — Паперына, разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Новае Сяло і Паперына Ушацкага раёна (гл. Полацка-Лепельская бітва 1944 г.). У ноч на 26 чэрвеня 1944 г. на чыгунцы Полацк — Маладзечна на перагоне паміж станцыямі Будслаў і Крывічы падарвалі і папсавалі больш за 1 тыс. рэек. Перад наступленнем Чырвонай арміі кантралявалі дарогі Куранец — Нарач, Вілейка — Нарач, перакрылі шлях праціўніку, які адступаў да в. Нарач Вілейскага раёна. У пачатку ліпеня 1944 г. разграмілі варожы абоз, на рэках Нарач і Вілія аднавілі пераправы для савецкіх войск.
Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 г., на той момант уключаў 4 батальёны, у т. л. 1‑ы (атрады 1‑ы, 2‑і і 3‑i), 2‑і (атрады 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы і 10‑ы), 3‑і (атрады 7‑ы імя Д. Д. Салаўёва, 8‑ы імя П. М. Самойленкі, 9‑ы), 4‑ы (атрады 12‑ы, 13‑ы і 14‑ы), у якіх змагаліся 942 партызаны.
Камандзір палка І. Ф. Садчыкаў; камісар А. Ф. Юр’еў; начальнікі штаба: Г. П. Дамарацкі, П. Г. Міняеў.
Полк увекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Прарыў».