Дата стварэння: 05.05.2023 12:12:53
Дата змены: 11.09.2024 14:23:04
«Цёплы ве́цер» («Fohn»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва абапал чыгункі Лунінец — Баранавічы [Лунінецкі і Ганцавіцкі раёны Пінскай вобласці (цяпер Брэсцкая); Ляхавіцкі і Клецкі раёны Баранавіцкай вобласці (цяпер тэрыторыя Брэсцкай і Мінскай абласцей)] 2–23 сакавіка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася баявымі групамі Бінца (23‑ы, 57‑ы, 271‑ы паліцэйскія батальёны, батальён т. зв. 1‑га Рускага нацыянальнага палка СС пад камандаваннем У. У. Гіль-Радзівонава і батальён СС О. Дырлевангера), Грыпа (2‑і паліцэйскі полк), Нікеля (13‑ы паліцэйскі полк) над аб’яднаным камандаваннем обергрупенфюрара СС Э. фон дэм Бах-Зялеўскага і брыгадэфюрара СС К. фон Готберга.
Знішчыць партызанскія фарміраванні, якія вырваліся з блакады ў час карнай аперацыі «Русалка», гітлераўцам не ўдалося, аднак яны загубілі больш за 540 савецкіх грамадзян, 1 226 чалавек схапілі для вывазу на катаржныя работы ў Германію. Карнікі разрабавалі і спалілі дзясяткі вёсак, у т. л. Флярова (23 чалавекі) Лунінецкага pаёна, Залужжа (60 чалавек), Рагачы (15 чалавек), Свяціца (106 чалавек) Ляхавіцкага pаёна, Лактышы (12 чалавек) Ганцавіцкага pаёна і іншыя, забралі ў насельніцтва 2 890 галоў жывёлы, у т. л. 282 кані, 122 павозкі, больш за 7 т ільновалакна, 5 т ільнасемя, 563 т збожжа. Акупантам удалося на кароткі час аднавіць адносна бесперапынны рух на ўчастках чыгункі Лунінец — Баранавічы, Пінск — Мікашэвічы.