Дата стварэння: 18.02.2025 09:25:37
Дата змены: 10.11.2025 11:50:14
«Арганіза́цыя То́та»
Ваенная спецыялізаваная арганізацыя ў нацысцкай Германіі ў 1938–1945 гг. (назва па прозвішчы яе заснавальніка нацыста інжынера Ф. Тота).
Займалася будаўніцтвам і рамонтам шашэйных дарог, мастоў, аэрадромаў, умацаванняў і іншых ваенных аб’ектаў, у т. л. на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Першы праект — будаўніцтва ўмацаванняў «Заходняга» вала на заходняй мяжы Германіі паміж Люксембургам і Швейцарыяй.
Летам 1941 г. падраздзяленні «арганізацыі Тота» рухаліся за наступаючымі нямецка-фашысцкімі войскамі, аднаўлялі разбураныя дарогі і камунікацыі, выкарыстоўваючы працу ваеннапалонных з лагераў, прымусова сагнанага цывільнага насельніцтва. Будаўнічыя ўпраўленні былі створаны пры штабе кожнай нямецкай арміі. Мелі статус дапаможных падраздзяленняў вермахта. Для служачых была ўведзена асобная ўніформа колеру алівы з павязкай са свастыкай на рукаве. З пачатку 1942 г. у арганізацыю прымаліся ваеннапалонныя і остарбайтары.
У 1943 г. «арганізацыя Тота» прымала ўдзел у стварэнні германскага стратэгічнага абарончага рубяжа — «Усходняга вала» на лініі р. Нарва — Пскоў — Віцебск — Орша — сярэдняе цячэнне р. Дняпро — р. Сож — р. Малочная.
Падраздзяленні «арганізацыі Тота», якія займаліся аднаўленнем разбураных партызанамі і падпольшчыкамі чыгунак, шашэйных дарог, гаспадарчых і стратэгічных аб’ектаў, дзейнічалі ў Віцебску, Гомелі, Мінску, Слуцку і іншых населеных пунктах.