У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацаваны праект першага беларускага энцыклапедычнага сайта (belarusenc.by) пад назвай Беларуская энцыклапедыя. У 2021 г. для яго стварэння і работы ў структуры акадэміі арганізаваны Цэнтр энцыклапедычных выданняў (ЦЭВ).
Сайт Беларуская энцыклапедыя, па сутнасці, шматтомная рэгіянальная нацыянальная краіназнаўчая энцыклапедыя міжнароднага ўзроўню.
У падрыхтоўцы энцыклапедычных матэрыялаў задзейнічаны высокі патэнцыял айчыннай акадэмічнай навукі, навуковая грамадскасць краіны.
Электронная энцыклапедыя скіравана акумуляваць усебаковую, коратка і даступна выкладзеную інфармацыю пра мінуўшчыну і сучаснасць Беларусі, яе прыроду, рэсурсы, эканоміку, навуку, культуру і сацыяльную сферу, пра людзей; змяшчаць і папаўняць сістэматызаваныя навукова вывераныя веды, прапагандаваць дасягненні краіны, паказваць яе магчымасці, месца і ролю ў сусветнай цывілізацыі, павышаць яе пазнавальнасць і аўтарытэт, інвестыцыйную прывабнасць.
Нацыянальная энцыклапедыя таксама заклікана граць важную ролю ў захаванні інфармацыйнага суверэнітэта краіны; задавальняць рэзка ўзрастаючы попыт на дакладныя звесткі, якія могуць служыць апірышчам у розных даследаваннях, пабудовах і пры прыняцці рашэнняў.
Бясплатная электронная энцыклапедыя агульнадаступная па сваёй сутнасці, яна менш элітарная, арыентавана на больш шырокую аўдыторыю.
У адрозненні ад друкаванай энцыклапедыі электронная не абмежавана аб’ёмам. Будзе праводзіцца абнаўленне і дапаўненне інфармацыі з улікам дасягненняў навукі.
Беларуская электронная энцыклапедыя ствараецца на традыцыях айчыннай энцыклапедычнай культуры, якая ўвабрала сучасныя сусветную (еўрапейскую) і расійскую методыкі і практыку.
Тэксты ў электроннай энцыклапедыі прадстаўлены на беларускай і рускай мовах. Плануецца пераклад і на іншыя мовы.
У электронным фармаце энцыклапедыя дзеліцца на блокі (раздзелы) па тэмах.
Беларуская энцыклапедыя — унікальны праект па аб’ёме інфармацыі, па колькасці прыцягнутых спецыялістаў і стварэнні магчымасцяў для іх узаемадзеяння.
На першым этапе работа вядзецца па тэмах «Беларусь у Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах» і «Прырода». Далей працягнецца работа над іншымі тэматычнымі раздзеламі (пакуль выдзелена 10).
Уводным томам да гэтага шматтомнага выдання з’яўляецца тэматычная энцыклапедыя «Беларусь».
Праект фінансуецца дзяржавай.
Каманда ЦЭВ выказвае ўдзячнасць усім аўтарам, якія далі дазвол на публікацыю сваіх матэрыялаў.