Цікавасць да энцыклапедыі чалавецтва развівае не адно стагоддзе. Паводле насычанасці інфармацыяй, яе дакладнасці энцыклапедыя адносіцца да самага аўтарытэтнага навукова-інфармацыйнага прадукту. З часам пры захаванні адзіных структурна-метадычных падыходаў відазмянілася форма падачы энцыклапедычных матэрыялаў. У XX ст. цікавасць да стварэння кніжных энцыклапедый дасягнула свайго піку. У цяперашні час іх друкаваныя версіі выходзяць невялікімі тыражамі і саступаюць месца электронным прадуктам (інтэрнэт-выданні). Некаторыя краіны цалкам спынілі выпуск кніжных энцыклапедый і перавялі іх на сеткавыя платформы.
У Беларусі развіццё энцыклапедычнай справы пачалося каля 100 гадоў таму.
У БССР у 1920–1930‑я гг. пад кіраўніцтвам акадэмікаў П. В. Горына, С. Я. Вальфсона і К. М. Міцкевіча (Я. Коласа) вялася падрыхтоўка Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Але тады ажыццявіць задуманае не ўдалося.
У 1967 г. у сістэме Акадэміі навук Беларускай ССР на правах навукова-даследчага інстытута была створана Галоўная рэдакцыя Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (БелСЭ) пад кіраўніцтвам народнага паэта Беларусі, акадэміка НАН Беларусі П. У. Броўкі (1905–1980).
У 2‑й палове XX — пачатку XXI ст. выйшлі 2 выданні ўніверсальнай энцыклапедыі ў 12‑ці і 18‑ці тамах, шматтомныя і аднатомныя тэматычныя і рэгіянальныя энцыклапедыі на папяровых носьбітах.
Электронныя версіі не ствараліся.
Падрыхтоўка анлайн-версіі энцыклапедыі — непазбежны этап развіцця любой энцыклапедыі і сёння практычна адзіны шлях да чытача.
У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі) у 2021 г. арганізаваны Цэнтр энцыклапедычных выданняў (ЦЭВ). У далейшым распрацаваны праект першага беларускага энцыклапедычнага сайта пад назвай Беларуская энцыклапедыя (belarusenc.by).