Дата стварэння: 13.12.2024 08:59:35
Дата змены: 12.03.2025 15:34:54
Аддзел Аскаміцэты Ascomycota Caval.-Sm. |
Клас Леканораміцэты Lecanoromycetes O. E. Erikss., Winka |
Парадак Пельтыгеравыя Peltigerales Walt. Watson |
Сямейства Лабарыевыя Lobariaceae Chevall. |
Род Лабарыя Lobaria (Schreb.) Hoffm. |
Лаба́рыя [Lobaria(Schreb.) Hoffm.], род ліставатых лішайнікаў сямейства Лабарыевыя.
Растуць на кары ліставых, радзей хвойных парод, на камянях сярод імхоў у хвойных і ліставых лясах. Каля 60 відаў ва ўсіх кліматычных зонах.
У Беларусі вядомы 2 віды: лабарыя ямістая [Lobaria scrobiculata (Scop.) P. Gaertn.] і лабарыя лёгачная [Lobaria pulmonaria (L.) Hoffm.], уключаная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Ахоўны від, сустракаецца ў шыракалістых (ясенніках і дубровах), драбналістых (чорнаалешніках), радзей хвойных (яловых) і мяшаных стараўзроставых лясах, а таксама вельмі рэдка ў сядзібных парках. Аддае перавагу залішне вільготным лясам. Расце на ствалах дуба, ясеня, граба і іншых шыракалістых парод дрэў. Лішайнік з’яўляецца індыкатарам стараўзроставых, непарушаных і слабапарушаных лясоў.
Талом ліставаты, пераважна буйны, пакрыты з абодвух бакоў параплектэнхімным каравы́м слоем. Верхняя паверхня талома адносна роўная, ямістая або сеткавата-рабрыстая, з сарэдыямі, ізідыямі, філідыямі або без іх, голая. Ямкам на верхняй паверхні адпавядаюць больш-менш выпуклыя месцы на ніжняй паверхні. Ніжняя паверхня густа або слаба лямцавая, месцамі голая, без цыфел або псеўдацыфел. Стрыжань рыхлы. Апатэцыі леканоравага тыпу, рассеяныя па ўсёй паверхні або па краі талома. Споры 2‑клетачныя, ад верацёнападобных да іголкападобных, бясколерныя або бурыя, па 8 у сумцы.
Талом змяшчае лішайнікавыя кіслоты: нарстыктавую, канстыктавую і стыктавую.