КАНДЫЛЯРЫЕЛА, род накіпных лішайнікаў сямейства Кандылярыевыя
pdf

КАНДЫЛЯРЫЕЛА

Дата стварэння: 13.03.2025 11:45:28

Дата змены: 20.03.2025 14:25:45


Аддзел

Аскаміцэты

Ascomycota Caval.-Sm.

Клас

Леканораміцэты

Lecanoromycetes O. E. Erikss., Winka

Парадак

Кандылярыевыя

Candelariales Miadl., Lutzoni, Lumbsch

Сямейства

Кандылярыевыя

Candelariaceae Hakul.

Род

Кандылярыела

Candelariella Müll. Arg.


КАНДЫЛЯРЫЕЛА, род накіпных лішайнікаў сямейства Кандылярыевыя

Кандылярыела залаценькая (фота: А. П. Яцына).

Кандылярые́ла (Candelariella Müll. Arg.), род накіпных лішайнікаў сямейства Кандылярыевыя.

Віды сустракаюцца па ўсім зямным шары, растуць на горных пародах, глебе, кары дрэў, драўніне, на лішайніках (ліхенафільныя грыбы) у ліставых, мяшаных і хвойных лясах, на ўрбанізаваных тэрыторыях, часта ў зонах забруджвання рознымі палютантамі. У свеце вядома каля 30 відаў, сустракаюцца ў абодвух паўшар’ях, у т. л. у Антарктыдзе.

У Беларусі 6 відаў: кандылярыела залаценькая [Candelariella aurella (Hoffm.) Zahlbr.], кандылярыела каралападобная [Candelariella coralliza (Nyl.) H. Magn.], кандылярыела квітнеючая (Сandelariella efflorescens R. C. Harris et W.R. Buck,), кандылярыела адвернутая [Candelariella reflexa (Nyl.) Lettau], кандылярыела жаўткова-жоўтая [Candelariella vitellina (Hoffm.) Müll. Arg.], кандылярыела жаўтавочкавая [Candelariella xanthostigma (Pers. ex Ach.) Lettau]. Лішайнікі сустракаюцца ў лясных экасістэмах, на ўрбанізаваных тэрыторыях (алеі ўздоўж дарог, скверы, паркі), на кары ліставых (ліпа, клён, дуб, бяроза, асіна) і пладовых дрэў (груша, яблыня, сліва, вішня), вельмі рэдка на хвойных пародах (хвоя, елка), на аголенай і апрацаванай драўніне, іншы раз на раслінных рэштках і валунах.

Талом вельмі маленькі, дробназярністы, бародаўчаты, нярэдка складаецца з рассеяных, адасобленых дробных лускавінак. Апатэцыі сустракаюцца зрэдку, дробныя, 0,2–1 мм у дыяметры. Дыск спачатку плоскі, потым выпуклы, ад колеру воску да жоўта-аранжавага колеру, абкружаны тонкім, суцэльным або лепрозным слаявінным краем. Эпітэцый вышынёй 3–5 мкм, бледна-жоўты, зярністы. Гіпатэцый вышынёй 70–80 мкм, бясколерны. Гіменій вышынёй 65–75 мкм, бясколерны. Парафізы няшчыльна злучаныя, простыя, на верхавінках галоўчата патоўшчаныя. Сумкі ўздута-булавападобныя, з 8–32 спорамі. Споры бясколерныя, прадаўгаватыя, эліпсоідныя або яйцападобныя, прамыя або слабавыгнутыя, адна- або ілжэдвухклетачныя, 9–12 × 4–5,2 мкм, з тонкай перагародкай і тонкай абалонкай. Пікнідыі вельмі дробныя, кропкападобныя, жоўтыя.