Ала́
Вёска на тэрыторыі Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 6 км на ўсход ад в. Здудзічы Чыркавіцкага сельсавета.
Перад вайной у вёсцы жылі 168 чалавек.
Раніцай 14 студзеня 1944 г. гітлераўскія карнікі разам з нямецкім вайсковым падраздзяленнем акружылі Алу, дзе ў той час спрабавалі знайсці паратунак многія жыхары навакольных вёсак Антонаўка, Дзеднае, Здудзічы, Іскра, Какаль, Кароткавічы, Мормаль, Плесавічы, Ракшын, Рудня, Сельнае, Чыркавічы (паводле іншых звестак, былі прыгнаны сюды акупантамі). Фашысты загналі людзей у хаты, якія затым падпалілі. Тых, хто ўцякаў, расстрэльвалі або кідалі жывымі назад у агонь. Усяго гітлераўцы загубілі 1758 чалавек (з іх 168 жыхароў Алы), у т. л. 508 жанчын і 950 дзяцей, вёску спалілі (34 двары). Цудам выратаваліся толькі 8 чалавек.
Пасля вайны вёска адрадзілася толькі часткова і пазней абязлюдзела, у 2012 г. афіцыйна ліквідавана.
Астанкі загубленых у Але людзей былі пахаваны побач з брацкай магілай савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні гэтай мясцовасці. У 1958 г. устаноўлены помнік — скульптура ўкленчанага ў жалобе воіна з вянком. У 2013 г. на месцы вёскі пастаўлены паклонны крыж і помнік, у маі 2020 г. урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс «Ала», які ўключае тры функцыянальныя зоны: уваходную групу, мемарыяльную зону (на тэрыторыі, што прымыкае да існуючага брацкага пахавання) і пешаходны маршрут, які злучае іх па былой вясковай вуліцы.
Вёска Ала ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».