pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1‑я ГОМЕЛЬСКАЯ

Дата стварэння: 12.05.2023 11:20:23

Дата змены: 10.07.2025 14:29:22


Партыза́нская брыга́да 1‑я Го́мельская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Чачэрскага, Кармянскага, Свяцілавіцкага і Веткаўскага раёнаў Гомельскай вобласці.

Створана ў сакавіку 1943 г. на базе атрадаў імя М. І. Калініна (арганізаваны ў снежні 1941), імя К. Я. Варашылава (былы Кармянскі атрад, арганізаваны ў маі 1942). У маі 1943 г. у брыгадзе арганізаваны атрад імя В. І. Чапаева, у жніўні 1943 г. — атрад імя А. В. Суворава.

Партызаны брыгады ў ліпені — верасні 1943 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Залессе, Покаць Чачэрскага раёна, в. Сялец Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, с. Лецяхі Краснагорскага pаёна Арлоўскай вобласці, у г. п. Карма. На чыгуначным участку Салтанаўка — Гомель у жніўні 1943 г. падарвалі больш за 1,5 тыс. рэек. У баях з акупантамі з 24 верасня да 1 кастрычніка 1943 г. знішчылі некалькі дзясяткаў аўтамашын, 2 цягачы, 2 гарматы, 2 танкі, разграмілі нямецкі сапёрны батальён, захапілі штабныя дакументы, вызвалілі 150 савецкіх грамадзян, якіх гітлераўцы вывозілі ў Германію, разам з часцямі Чырвонай арміі вялі баі з ворагам каля г. п. Карма.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2–5 кастрычніка і 23 лістапада 1943 г., на той час уключала атрады імя М. І. Калініна, імя К. Я. Варашылава, імя В. І. Чапаева, імя А. В. Суворава, у якіх змагаліся 892 партызаны.

Камандзір брыгады П. А. Балыкоў; камісары: П. I. Дзедзік, I. Я. Палякоў; начальнік штаба А. Н. Падабедаў.

Камандзіру дыверсійнага ўзвода атрада імя М. І. Калініна Э. В. Лаўрыновічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У гонар брыгады на месцы яе дыслакацыі каля пас. Яміцкі Чачэрскага раёна адноўлены партызанскія зямлянкі, у 1969 г. пастаўлены мемарыяльны знак.