Дата стварэння: 16.06.2023 10:33:50
Дата змены: 11.09.2024 15:58:58
Мабіліза́цыя
Комплекс мерапрыемстваў па пераводзе арганізацыі і складу ўзброеных сіл, эканомікі і дзяржаўных інстытутаў краіны з мірнага часу на ваенны час.
Мабілізацыя ўзброеных сіл выражаецца ў значным іх павелічэнні за кошт ваеннаабавязаных, якія знаходзяцца ў запасе, стварэння новых фарміраванняў. Мабілізацыя эканомікі ўключае: разгортванне ваеннай вытворчасці, змяненне эканамічных прапорцый з мэтай павелічэння вытворчасці ваеннай прадукцыі, перабудову работы сродкаў сувязі і транспарту на забеспячэнне патрэб ваеннага часу і інш.
У час Вялікай Айчыннай вайны мабілізацыя Узброеных Сіл СССР была абвешчана ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 чэрвеня 1941 г. пасля нападу фашысцкай Германіі.
Мабілізацыі падлягалі ваеннаабавязаныя 1905–1918 г. н. (кантынгент 1919–1922 г. н. знаходзіўся на абавязковай ваеннай службе). Да 1 ліпеня 1941 г. ва Узброеныя Сілы СССР было мабілізавана 5,3 млн чалавек, 234 тыс. аўтамашын, 31,5 тыс. трактароў. У жніўні 1941 г. абвешчана мабілізацыя ваеннаабавязаных 1895–1904 г. н. і прызыўнікоў 1923 г. н. З 22 чэрвеня да 1 снежня 1941 г. дзеючая армія папоўнілася 291 дывізіяй і 94 брыгадамі. Мабілізацыя праходзіла ў абставінах вялікага патрыятычнага ўздыму. Масавай была падача заяў аб добраахвотным уступленні ў рады ўзброеных сіл. Прызыў наступных узростаў ваеннаабавязаных ажыццяўляўся ў звычайным парадку, у адпаведнасці з Законам аб усеагульным воінскім абавязку 1939 г.; у гады вайны ва Узброеныя Сілы СССР былі прызваны ваеннаабавязаныя да 1927 г. н. Акрамя таго, у рады абаронцаў Радзімы ўлілося каля 2 млн добраахвотнікаў. За гады вайны ва Узброеныя Сілы СССР прызвана больш за 34,5 млн чалавек.
Хуткае прасоўванне ворага перашкодзіла правесці мабілізацыю ў заходніх абласцях БССР, дзе былі прызваны толькі асобныя катэгорыі камандна-палітычнага і частка радавога саставу, якія былі прыпісаны да вайсковых часцей. Арганізавана прайшла мабілізацыя ў Палескай і Гомельскай абласцях, а таксама ў шэрагу раёнаў Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Не ўдалося поўнасцю правесці мабілізацыю ў Мінскай вобласці. З Беларусі на працягу ліпеня — жніўня 1941 г. у дзеючую армію ўступіла больш за 500 тыс. чалавек, арміі перададзена 2,5 тыс. аўтамашын, больш за 35 тыс. коней, 23 тыс. павозак, з дзяржаўных і кааператыўных фондаў рэспублікі вылучана 35 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 20 тыс. т харчавання і фуражу.
З першых дзён вайны прамысловыя прадпрыемствы на неакупіраванай тэрыторыі Беларусі пачалі працаваць на патрэбы фронту. Гомельскія заводы «Гомсельмаш» і «Рухавік рэвалюцыі» наладзілі рамонт баявой тэхнікі і выпуск мінамётаў. Гомельскі і Навабеліцкі лесакамбінаты і Гомельскі завод імя Кірава асвоілі вытворчасць процітанкавых мін, запалкавая фабрыка «Везувій» — ручных гранат. Гомельскія чыгуначнікі стварылі 30 перасоўных майстэрняў для рамонту армейскіх машын у палявых умовах. У гарадах Клімавічы, Гомель і Мазыр працавалі майстэрні па рамонце танкаў і трактароў. Гомельскі металакамбінат, арцелі «Чырвоны металіст» (Бабруйск), «Молат» (Мазыр), «Молат» і «Металіст» (Віцебск) выпускалі карпусы ручных гранат. Прадукцыю для фронту давалі Магілёўскія механічныя майстэрні, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Шклоўскі льнозавод, абутковыя і швейныя прадпрыемствы рэспублікі.
Хутка і арганізавана была праведзена мабілізацыя ваеннаабавязаных пасля вызвалення тэрыторыі рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. ЦК КП(б)Б і Савет Народных Камісараў БССР 29 ліпеня 1944 г. прынялі пастанову «Аб мерапрыемствах па забеспячэнні правядзення мабілізацыі грамадзян 1894–1926 гадоў нараджэння». Колькасць прызваных і накіраваных у дзеючыя часці і злучэнні за перыяд з пачатку вызвалення тэрыторыі БССР да сярэдзіны студзеня 1945 г. склала больш за 560 тыс. чалавек. За ўвесь перыяд вайны было мабілізавана і добраахвотна ўлілося ў рады Чырвонай арміі больш за 1,3 млн жыхароў Беларусі, у т. л. больш за 194 тыс. з расфарміраваных партызанскіх атрадаў.
З мэтаю папаўнення дзеючай арміі абучаным асабовым складам Дзяржаўны камітэт абароны прыняў пастанову аб падрыхтоўцы рэзерваў (16.7.1941) і аб усеагульным абавязковым абучэнні ваеннай справе грамадзян СССР (17.9.1941). У сістэме ўсеагульнага навучання былі створаны спецыяльныя камсамольска-маладзёжныя падраздзяленні. За гады вайны ў іх падрыхтаваны 1,7 млн кулямётчыкаў, аўтаматчыкаў, мінамётчыкаў, знішчальнікаў танкаў. Па камсамольскіх пуцёўках больш за 800 тыс. дзяўчат вывучала медыка-санітарную справу. Усяго ў 1941–1945 гг. у СССР у сістэме ўсеагульнага навучання падрыхтавана каля 9,9 млн чалавек, якія выкарыстоўваліся для папаўнення дзеючай арміі абучанымі рэзервамі. ЦК КП(б)Б 19 снежня 1944 г. разгледзеў пытанне аб стане ваеннай і фізічнай падрыхтоўкі навучэнцаў у педагагічных вучылішчах Гомельскай вобласці. Мінскі абкам КП(б)Б двойчы заслухоўваў справаздачы райкамаў аб стане ваеннай падрыхтоўкі дапрызыўнікоў у школах, вучылішчах і вышэйшых навучальных установах (вну) вобласці. У сярэдніх школах і вучылішчах Беларусі ў 1944/1945 навучальным годзе падрыхтаваны 1 368 тэлефаністаў, 570 тэлеграфістаў, 651 радыст і 15 043 сандружынніцы. Толькі ў вну Мінска ваеннымі спецыяльнасцямі авалодвалі 2 939 студэнтаў. Рэспубліканская арганізацыя «Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву» падрыхтавала каля 4 тыс. інструктараў і мінёраў, сіламі якіх да кастрычніка 1944 г. праверана і размініравана плошча ў 34 833 км², абясшкоджаны і зняты 492 593 процітанкавыя і проціпяхотныя міны, сабраны 428 514 авіябомбаў і артылерыйскіх снарадаў. На курсах па падрыхтоўцы малодшага медыцынскага персаналу ў 1944 — 1‑й палове 1945 г. падрыхтаваны 1 245 медсясцёр. Вялікую ролю ва ўзаемадзеянні дзеючай арміі і флоту адыграла добраахвотнае ўступленне савецкіх людзей у склад народнага апалчэння і знішчальных батальёнаў.
Важнае значэнне для ўзмацнення баяздольнасці арміі мелі партыйная і камсамольская мабілізацыі, якія былі праведзены паводле рашэння ЦК ВКП(б) і ЦК ВЛКСМ. Усяго за гады вайны ва Узброеныя сілы СССР накіравана больш за 1,6 млн камуністаў (уключаючы тых, хто прыйшоў па партыйным прызыве, па агульнай мабілізацыі і добраахвотнікаў). З партыйнай арганізацыі Беларусі ў чэрвені — жніўні 1941 г. добраахвотна і па прызыве ваенкаматаў у армію пайшлі 26,5 тыс. камуністаў [34 % даваеннага складу КП(б)Б] і 130 тыс. камсамольцаў. Адначасова з мабілізацыяй ва ўзброеныя сілы адпаведна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР для рацыянальнага выкарыстання працоўных рэсурсаў праведзена мабілізацыя на перыяд ваеннага часу працаздольнага гарадскога насельніцтва для працы на вытворчасці і на будаўніцтве прадпрыемстваў ваеннай прамысловасці і іншых галін народнай гаспадаркі, якія працавалі на патрэбы абароны краіны.
Мерапрыемствы па мабілізацыі, якія былі ажыццёўлены ў гады вайны, адыгралі вялікую ролю ў перабудове ўсяго жыцця краіны на ваенны лад, у стварэнні неабходных умоў для разгрому фашысцкай Германіі і ў дасягненні Перамогі.