Ралля́
Вёска на тэрыторыі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 2 км на паўднёвы захад ад в. Капылоўшчына Кубліцкага сельсавета. Перад вайной у вёсцы жыло больш за 30 чалавек.
У час карнай аперацыі ў чэрвені 1943 г. (паводле іншых звестак — у маі 1944) гітлераўцы загубілі 30 жыхароў, у т. л. 14 дзяцей, маёмасць разрабавалі, вёску (28 двароў) спалілі.
Пасля вайны не адрадзілася.
На месцы былой вёскі ў 1976 г. устаноўлена стэла.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».